Раскіданае гняздо, в сокращении. Краткое содержание.

Список произведений в сокращении этого автора
Лірыка
Курган
Бандароўна
Адвечная песня
На куццю
Безназоўнае
Паўлінка
Раскіданае гняздо
Тутэйшыя

Асобы

Лявон Зяблік, пажылы гаспадар, кульгавы, гадоў пад 50.

Марыля, яго жонка, нараклівая, замучаная жыццём кабеціна, гадоў 48.

Сымон, 24 г.

Зоська, 18 г.

Данілка, 14 г. } дзеці Зябліка

Аленка, 8 г.

Юрка, 7 г.

Старац, гадоў пад 70.

Паніч, гадоў 23.

Незнаемы, гадоў 35.

Двое дворных людзей.

Падзеі адбываюцца ў 1905 г.

Першы акт у хаце Зяблікаў, астатнія — на котлішчы гэтай хаты.

Кароткі змест:

Акт першы

З'ява I

(Час каля купалля. Поўдня. Хата Зябліка. Марыля — хворая: то сядзіць, то ляжыць на ложку. Данілка на зямлі скрыпку майструе. Старац сядзіць на лаве).

Марыля скардзіцца Старцу на хваробу, на гаспадара, які,-судзячыся з дваром, змарнаваў усю гаспадарку і нічога не дабіўся. Баіцца, каб чаго з мужам не здарылася, бо «учарнеў, асунуўся... як сам не свой».

З'явы II—III

З сякерай у руках з'яўляецца Сымон, заяўляе, што, «пакуль будзе хоць якая магчымасць, то не дадзімся жыўцом воўку ў зубы», што ў яго хопіць сілы і за бацьку, і за сябе, і за ўсю сям'ю пастаяць. Старац папярэджвае, што не заўсёды сіла на дабро ідзе. Сымон ідзе сустрэць бацьку, які пайшоў да пана прасіць адкласці тэрмін высялення. Марыля гаворыць пра змены ў панскім двары з прыездам маладога Паніча, што ён адмовіўся здаваць зямлю ў арэнду.

З'ява IV

Зоська з кветкамі ў руках просіць Старца памаліцца за здароўе Паніча. Старац развітваецца з гаспадыняй і дзецьмі.

З'явы V—VI

Зоська расказвае маці, як прыгожа на сенажаці і як яна сустрэла ля рэчкі маладога прыгожага Паніча. Марыля просіць дачку не думаць многа пра яго.

Зоська расказвае незвычайны сон. Бацька, маці, дзеці падняліся ў неба, па зорках, па млечнаму шляху трапілі ў дзівосную краіну. У ёй шмат кветак, спяваюць райскія птушкі... Марыля кажа, што гэта добры сон, што Бог на іх яшчэ не забыўся.

З'ява VII

Лявон пытаецца, як здароўе жонкі. Паведамляе, што «сягоння будуць высяляць, ужо фурманкі ў іх наладжаны». Марыля ў роспачы. Ніхто з суседзяў не хоча ўзяць сям'ю Зяблікаў да сябе. Лявон кажа, што Сымон, Зоська і Данілка служыць пойдуць, а ён з Марыляй і меншымі дзецьмі — жабраваць.

Лявон: ...Ха-ха-ха! Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зямелькі. Вечна думалі жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; пасеку рабілі, будаваліся... Цяпер сын і ўнукі служыць і жабраваць... гаспадарскія сын і ўнукі.

Лявон успамінае, як з бацькам ставілі новую хату і бацька падарваўся, цягаючы бярвенне, а ён пакалечыў нагу. Успамінае, як садзіў сад, працаваў на полі. «Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне».

З'ява VIII

Сымон паведамляе, што заворваюць гародніну і пшаніцу. Кліча бацьку бараніць плён сваёй працы, хапае з-пад лавы сякеру. Бацька не пускае, вырывае сякеру з рук. Зоська спрабуе супакоіць брата і бацьку. Лявон павучае сына, што «трэба праўды шукаць не тапаром, а розумам. Дзед твой не меў розуму, я не маю, але ты яго мей, каб з часам цябе і тваіх дзяцей не ганялі гэтак, як сягоння».

З'ява IX

Аленка і Юрка са слязьмі на вачах паведамляюць, што «нейкія людзі страху з нашае хаты здзіраюць». Зоська хоча

ісці іх папрасіць, каб не рабілі гэтага. Бацька не пускае («Годзе ўжо бацька твой спіны нагнуўся і парогаў паабіваў»). Потым гаворыць, як памешаны, як чалавек, які страціў арыентацыю, дзе ён і што вакол адбываецца. Хата пачынае трашчаць. Лявон загадвае не пакідаць яе, пакуль ён не вернецца.

З'явы X—XI

Данілка заўважае, што тата сёння як не ў сваім розуме. Сымон прызнае, што добра зрабілі, адабраўшы ў яго сякеру, а то забіў бы каго. Зоська просіць брата не рабіць гэтага, бо хто дагледзіць меншых. Зяблікі збіраюцца выйсці з хаты.

З'ява XII Дворныя людзі паведамляюць, што гаспадар павесіўся.

Акт другі

Мінула два тыдні.

З'ява I

Данілка прыбівае абразок да дрэва. Марыля звяртаецца да Бога з просьбай не пакінуць яе, удаву, даць сілы выхаваць дзяцей. Тлумачыць Данілку, чаму доўга не хавалі бацьку (вялося следства). Данілка абяцае, што, як вырасце вялікі, пойдзе са сваёй скрыпачкай шукаць старонку, дзе плывуць крыніцы з жывой вадой.

З'ява ІІ

Сымон прыходзіць пасля пахавання бацькі. Лявона, як самагубцу, не дазволілі хаваць на могілках. На матчыны словы, што бацька грэшны і мусіць пакутаваць, Сымон гаворыць: «Гэта вечная пакута толькі чалавека на звера перарабляе... Я сам сябе не пазнаю. Калі кідаў сягоння на бацькаў труп зямлю, то мне здавалася, што ...засыпаю самога сябе, сваё шчасце, свае леты маладыя, засыпаю бога, людзей, цэлы свет...» Марыля хоча супакоіць сына, пераводзіць размову на становішча сям'і. Сымон не дазваляе ісці ў двор на паклон («...Не пайду туды і вы ў сене пойдзеце... Над бацькавай магілай зарок сабе даў жывым не сысці з гэтага месца, з гэтага нашага разграбленага гнязда»). Сымон гаворыць маці, што Зоська бегае у двор да Паніча.

З'ява III

Зоська тлумачыць, дзе яна была. Дастае з-пад фартушка сала і хлеб, што нібыта дала на памінкі цётка. Сымон не верыць сястры, папракае, што яна забылася на бацькаў наказ «не прыніжацца перад дужым дачаснікам».

З'явы IV—V

Данілка вядзе малых шукаць новую дошчачку Для скрыпкі. Марыля ўспамінае, як карміла сваім малаком Паніча, і дапытваецца ў Зоські, ці праўду казаў Сымон. Зоська просіць не мучыць яе, не пытацца, бо штосьці страшнае, дзіўнае творыцца вакол яе і з ёй, чаго яна не можа зразумець. Пасля гаворыць маці, што з Панічом была не яна, а яе цень. Марыля патрабуе прысягі перад абразом. Зоська баіцца.

З'ява VI

Прыходзіць Паніч, пытаецца, што думае Сымон. Гаворыць, што з-за яго і бацькавай упартасці давялося разбурыць хату. Ён можа даць сям'і ў двары службу і хату. Марыля просіць Паніча не зводзіць дачку, той адказвае, што ўжо позна.

З'ява VII

Уваходзіць Сымон, пакручваючы ў руках сякеру. Паніч пагражае, што варта яму кіўнуць пальцам, як Сымон зазвоніць ланцугамі. Сымон гаворыць, што гэтага не здарыцца да таго часу, пакуль Панічу не абрыдне яго сястра, і што ён чакае справядлівага суда.

З'явы VIII—IX

Данілка просіць у Паніча жыл на струны і конскага хваста на смык. Нагадвае Сымону, што бацькава магіла без крыжа, варта ў Паніча папрасіць лесу.

Раззлаваны ўпартасцю Сымона Паніч пакідае Зяблікаў. Зоська хоча бегчы за ім. Сымон, пагражаючы сякерай, не пускае яе.

Акт трэці

З'явы I—II

Марыля шые торбы, Зоська, убачыўшы яе за такой працай, гаворыць, што маці ім, жывым яшчэ, нібыта смяротныя сарочкі шые. Маці наракае на Сымона і Зосю, што яны «пропасць сабе капаюць»: адзін сваёй «дзікай заўзятасцю», другая «сваёй шалёнай прыхільнасцю». Зоська просіць не чапаць Паніча, бо ён ні ў чым не вінаваты.

З'ява III

Сымон і Данілка прыносяць дрэва на крыж.

Марыля гаворыць, што Паніч зноў прапаноўваў ісці на службу ў двор. Сымон стаіць на сваім. Заяўляе, што маці і сястра становяцца ўпапярок яго дарогі. Зоська адказвае на гэта: «Хто ведае — можа ты горай сваёй гордасцю топчаш тое, што сею я сваім сэрцам дзявочым?»

Сымон і Марыля поначы нясуць на магілу крыж.

З'ява IV

Данілка гаворыць Зосьцы, што Паніч пасля суда «едзе кудысь за мора жаніцца». Але потым шкадуе сястру, кажа, што наманіў. Вядзе малых спаць.

З'явы V—VI

Зоська збіраецца ісці да Паніча. З'яўляецца Незнаёмы і гаворыць ёй, што «склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сёстры павінны на гэты сход з'явіцца... жыццё мільёнаў будзе важыцца».

З'ява VII

Зоська думае над сустрэчай з Незнаёмым. Потым збіраецца ісці да Паніча, але той прыходзіць сам.

Акт чацвёрты

Позняя восень. Сцюдзёна.

З'явы I—II

Марыля з малымі дзецьмі распальвае вогнішча. Данілка вяртаецца з двара, дзе яму далі патрэбных рэчаў для скрыпкі.

З'ява III

Сымон пануры вяртаецца з суда. Суд ён прайграў. Сведкі былі падкуплены панам. Марыля просіць сына скарыцца, «выкінуць гордасць з сэрца». Сымон не згаджаецца.

З'ява IV

Прыходзіць Незнаёмы, кліча Сымона на сход, на якім будуць «смока выганяць». Сымон адмаўляецца, хоць яго і цягне туды, бо павінен «рукамі і зубамі трымацца гэтай спадчыны бацькавай». Марыля таксама не пускае сына. Незнаёмы са словамі «Час, Сымоне, час!.. Агляніся, Сымоне!.. Успомні матку, сястру сваю ўспомні... і тую вяроўку, на якой бацька твой павесіўся!» хутка выходзіць.

З'явы V—VI

Сымон хоча ісці ўслед за Незнаёмым, маці не пускае. Ён пытае, дзе Зоська. Маці кажа няпраўду. Сымон хапае ў Данілкі скрыпку і хоча пашчапаць яе, бо той не гаворыць, дзе сястра. Данілка закрывае скрыпку сваёй галавой.

Двое дворных людзей уводзяць Зоську з завязанымі назад рукамі. Паведамляюць, што Зоська хацела каля палаца павесіцца.

Акт пяты

З'ява I

Данілка грае на скрыпцы сумную мелодыю. Угаворвае маці ісці з торбамі ў свет. Тая не ведае, што рабіць з Сымонам і Зосяй.

З'ява ІІ

Старац слухае сумную гісторыю сям'і Зяблікаў. Марыля пытаецца, ці чуў ён што пра сход, якога цяпер шукае Сымон, той адказвае няпэўна. Старац раіць гаспадыні ісці адсюль («Час, птушка-маці, знімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб іншых тваіх дзетак убараніць ад благіх ястрабаў, ад якіх сілачкі ты не мела ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські!»).

З'ява ІІІ

Старац палохаецца выгляду Зоські і яе слоў. Зоська, як вар'ятка.

Бачны водбліскі пажару. Усім страшна. Зоська абдымае дрэва, быццам свайго «каралевіча ненагляднага». Старац збіраецца адыходзіць. Данілка просіцца ісці з ім разам. Рашаецца ісці і Марыля з дзецьмі. Хоча адзець жабрачую торбу на Зоську. Зоська гнеўна скідае торбу. Застаецца на котлішчы адна.

З'явы IV—V

Прыходзіць з паходняй у руках Сымон, бачыць, што маці і дзяцей няма. Кліча Зоську з сабой. Зоська пазнае брата, пытаецца, куды і па што ісці. Сымон, паказваючы галавешкай у процілеглы ад пажару бок, гаворыць: «На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!» Бярэ яе за руку і абое ў цемнаце знікаюць.

Мастацкія асаблівасці

Сюжэт драмы «Раскіданае гняздо» (1913) быў падказаны аўтару рэчаіснасцю. Купала, сын арандатара, добра ведаў жыццё такіх сялян-чыншавікоў, як Зяблік, і па ўласнаму вопыту, і па вопыту іншых. Дзед Купалы сутыкнуўся з такой жа несправядлівасцю, што і герой.

Аднак паказаць драму сялянскай сям'і, якая павінна пакінуць абжыты дзядамі і прадзедамі кут, толькі адна з пастаўленых Купалам у творы мастацкіх задач. Побач з гэтым аўтар гаворыць пра пошукі Беларусі шляху да новага жыцця. Пра яго думаюць, мараць амаль усе героі п'есы, уяўляючы новае, шчаслівае жыццё па-рознаму. Сымон звязвае яго са справядлівасцю, з працай на ўласнай зямлі, Зоська — з казачнай краінай, дзе цвітуць прыгожыя кветкі і спяваюць райскія птушкі, Данілка — з магчымасцю граць на скрыпачцы для ўсіх людзей, Марыля — са спакоем і лагоднасцю. Пошукі шляхоў да новай Беларусі — другі, сімвалічны план прачытання драмы «Раскіданае гняздо».

Героі яе вымушаны шукаць выйсця з рэальнага становішча, у якім апынулася сям'я пасля адмовы Паніча аддаць зямлю ў арэнду на новы тэрмін і самагубства гаспадара. Гэты, больш просты, рэалістычны план твора звязаны таксама з вызначэннем шляху. У кожнага героя ён аказаўся сваім, адметным — і вялікая дружная сям'я Зяблікаў распалася. Марыля з малымі дзецьмі і Данілкам надзяваюць жабрацкія торбы, Сымон і Зоська ідуць на Сход, па Бацькаўшчыну. Але гэта толькі напрамкі, бо не супадаюць шляхі Марылі і Данілкі (з рознымі думкамі і мэтамі яны кіруюцца ў белы свет), і вельмі непадобныя Сымон і Зоська, каб ісці адным шляхам. Сымон вырашэнне праблем чалавечага жыцця звязвае з сілай, барацьбой, што падкрэсліваецца аўтарам сімвалічнай дэталлю — герой на працягу амаль усяго дзеяння не разлучаецца з сякерай. Зоська свет чалавечых узаемаадносін спрабуе будаваць на каханні і дабрыні (яе сімвал у творы — кветкі).

Аўтар нібыта прызнае раўназначнасць усіх шляхоў, якія выбіраюць героі, прынамсі, сам не вылучае ніводзін як правільны. Так, жыццё жорстка карае даверлівасць і летуценнасць Зоські, але і Сымон нічога не дамагаецца, не можа адстаяць роднае гняздо.

Тупіковы шлях, як паказвае Купала, гэта шлях Лявона Зябліка, які спадзяваўся з дапамогай закона вярнуць зямлю. Смерць героя сведчыць, што тут шукаць ужо няма чаго. Стары існуючы лад не можа па-справядлівасці вырашыць грамадскія і сацыяльныя праблемы і ніяк не стасуецца з будучыняй Беларусі.

Істотную ролю ў творы іграе вобраз Вялікага Сходу. П. Васючэнка паказвае няслушнасць ранейшай трактоўкі гэтага сімвалічнага вобраза, адзначаючы, што «ў купалаўскай сімволіцы рэвалюцыя звязана з інакшым шэрагам вобразаў, паміж якімі — завіруха, пажар... Вялікі Сход — не помста і не бунт; каб трапіць на яго, Сымон і Зоська мусяць пайсці ў процілеглую старану ад пажару... На Сходзе будзе вырашацца лёс Бацькаўшчыны, лес мільёнаў, але дзеля таго на ім патрэбна прысутнасць кожнага, а не жменькі бунтаўнікоў, мсціўцаў».

«На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход», — пакліча Купала «аграблены, закованы народ» у 1918 г., пасля дзвюх прайшоўшых рэвалюцый (верш «На сход!»).

Я. Купала вылучаў «Раскіданае гняздо» сярод іншых п'ес. «Я памру, але «Раскіданае гняздо» зойме яшчэ на сцэне свае пачэснае месца і загаворыць на поўны голас. Я ўклаў у гэтую п'есу лепшае, што было ў маёй паэзіі і прозе», — пісаў народны паэт.

Драма ўпершыню была пастаўлена і надрукавана пасля падзення царызму.


Писатели, по которым есть произведения в сокращении:

  1. Адам Гурыновіч
  2. Алесь Гарун
  3. Алесь Жук
  4. Аляксей Дудараў
  5. Андрэй Макаёнак
  6. Андрэй Мрый
  7. Андрэй Рымша
  8. Аркадзь Куляшоў
  9. Афанасій Філіповіч
  10. Васіль Быкаў
  11. Васіль Цяпінскі
  12. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
  13. Вінцэсь Каратынскі
  14. Змітрок Бядуля
  15. Іван Мележ
  16. Іван Шамякін
  17. Кандрат Крапіва
  1. Кастусь Каліноўскі
  2. Каятан Марашэўскі
  3. Кірыла Тураўскі
  4. Кузьма Чорны
  5. Максім Багдановіч
  6. Максім Гарэцкі
  7. Максім Танк
  8. Мікола Гусоўскі
  9. Мікола Матукоўскі
  10. Міхась Зарэцкі
  11. Мялецій Сматрыцкі
  12. Ніл Гілевіч
  13. Паўлюк Багрым
  14. Пімен Панчанка
  15. Пятрусь Броўка
  16. Рыгор Барадулін
  17. Сімяон Полацкі
  1. Сымон Будны
  2. Уладзімір Жылка
  3. Уладзімір Караткевіч
  4. Уладзіслаў Сыракомля
  5. Францішак Багушэвіч
  6. Францыск Скарына
  7. Цётка
  8. Ядвігін Ш.
  9. Якуб Колас
  10. Ян Баршчэўскі
  11. Ян Вісліцкі
  12. Янка Брыль
  13. Янка Купала
  14. Янка Лучына
  15. Яўгенія Янішчыц
  16. Іншыя творы




© 2022 ќксперты сайта vsesdali.com проводЯт работы по составлению материала по предложенной заказчиком теме. ђезультат проделанной работы служит источником для написания ваших итоговых работ.