Тэма: Генетыка полу.
Мэта: пазнаёміць вучняў з вызначэннем полу ў арганізмаў і з наследваннем прыкмет, счэпленых з полам.
Задачы:
стварыць умовы для:
самавызначэння вучняў на вынік іх пазнавальнай дзейнасці;
сітуацыі пазнавальнай супярэчнасці паміж суб’ектыўным доследам і новай інфармацыяй;
развіцця доследных здольнасцей вучняў пры рашэнні генетычных задач на вызначэнне полу арганізмаў;
развівацця маральных якасцей;
стварэння сітуацыі рэфлексіі;
выхавання культуры біялагічнай мовы і цікавасці да прадмета.
Плануецца, што да канца ўрока вучні будуць ведаць некалькі тыпаў храмасомнага вызначэння полу ў розных арганізмаў і ўмець рашаць генетычныя задачы на вызначэнне полу і наследаванне прыкмет, счэпленых з полам.
Тып урока: вывучэнне новай тэмы
Абсталяванне і сродкі навучання: мультымедыйная ўстаноўка, раздатачны матэрыя, тэксты генетычных задач, табліца “Храмасомны механізм вызначэння полу”, рэпрадукцыі карціны Мадонны вядомых мастакоў: Леанарда да Вінчы, Мікеліанжэла, Рафаэля, Рубенса і Аляксея Кузьміча.
Дэвіз: “Ведаць – значыць умець растлумачыць” (Арыстоцель)
План урока
Арганізацыйны этап.
Задача: праверыць гатоўнасць класа да ўрока, прывітанне вучняў (1хв.).
Добры дзень, дзеці! Ці ўсе гатовы да ўрока?
На ўроку мы будзем працаваць у 2 групах, паўтараць дамашні матэрыял і вывучаць новы. (Размеркаванне на групы – па колеру жэтонаў). Кожны знайдзіце сваё месца, размяркуйце ролі ў групе: “аўтаадказчык”, “сакратар”, “журналіст”, “таймер” і т.д. На сталах у вас ляжаць задачы на дыгібрыднае скрыжаванне і кросінговер. Выберыце 2 вучняў з групы, якія іх рэшаць на дошцы. Астатнія члены групы адкажуць на пытанні, карткі з якімі схаваны ў вас пад партай.
Апытванне.
Задача: праверыць узровень засваення тэарэтычнага матэрыяла і ўменне рашаць генетычныя задачы (7хв.).
- Прачытайце пытанне і адкажыце на яго. Калі вы не зможаце адказаць на сваё пытанне, то гэта могуць зрабіць вучні з другой групы.
Вучні кожнай групы па адной дастаюць картачкі з заданнямі і адказваюць на пытанні (Дадатак 1).
Вучні чытаюць умову і тлумачаць ход рашэння.
Матывацыйна-установачны этап. Мэтавызначэнне.
Задача: стварэнне праблемнай сітуацыі, пастаноўка вучнямі ўласных мэтаў (5 хв.).
У малодшых класах на ўроках гісторыі вы вывучалі старажытную Грэцыю, яе культуру, ведаеце імёны старажытна-грэчаскіх мысліцеляў, чыталі цікавыя міфы і легенды.
Паслухайце яшчэ адзін міф. Згодна рамантычнаму міфу Платона, у далёкія часы свет быў населены чалавекападобнымі істотамі, у якіх адна палавіна цела была жаночай, а другая – мужчынскай. Страшныя ў сваёй сіле і магутнасці, яны мелі вялікія намеры і пасягалі нават на ўладу багоў. Разгневаныя багі разлучылі палавінкі цела, і з іх узніклі мужчына і жанчына.З тых часоў яны назаўсёды асуджаны на пошукі адзін другога і толькі ў моцным каханні набываюць патрачанае адзінства і сілу. І мы з вамі тыя самыя палавінкі, што ходзяць па свеце і шукаюць, і знаходзяць або не знаходзяць сваю палавінку. Нашыя бацькі, тыя самыя палавінкі, якія знайшлі адзін другога і ў выніку іх вялікага кахання з’явіліся на свет мы - істоты рознага полу: хлопчыкі і дзяўчынкі.
Напэўна, кожны з вас не раз задаваў пытанне: “Чаму я нарадзіўся хлопчыкам, а не дзяўчынкай?”
Дзеці, як вы думаеце, ад чаго залежыць нараджэнне мужчынскіх і жаночых асобін? Як можна вызначыць пол арганізма?
Вось гэтую важную праблему мы і будзем з вамі рашаць на ўроку. Вызначце тэму ўрока (Вучні гавораць). Правільна, тэма ўрока: “Генетыка полу” (Настаўнік запісвае на дошцы, вучні – у сшыткі.). Прачытайце дэвіз. Задумайцеся.
Вызначце для сябе задачы ўрока, выкарыстоўваючы словы: даведацца, зразумець, навучыцца. (Пастаноўка мэтаў вучнямі, некалькі вучняў прагаворваюць уголас.)
Мэта нашага сённяшняга ўрока: навучыцца вызначаць пол арганізма, даведацца ад чаго залежыць нараджэнне мужчынскіх і жаночых асобін, ведаць чые гаметы з’яўляюцца больш рашаючымі ў генетычным механізме вызначэння полу?
Вы павінны будзеце знайсці адказ на пытанні: “Чаму я нарадзіўся хлопчыкам, а не дзяўчынкай?” Ці праўдзівыя прымаўкі: “Яблык ад яблыні далёка не коціцца” і “У сям’і не без вырадка”?
Не адны мы з вамі задумваемся над гэтымі пытаннямі. Знакаміты старажытна-грэчаскі мысліцель Лукрэцый Кар сцвярджаў, што:
Калі ў мешаніне насення здарыцца, што жаночая сіла
Верх над мужчынскаю возьме і яе пераможа раптоўна,
На маці падобных дзяцей народзіць жаночае семя.
- Вучань Платона, Арыстоцель лічыў, што зародак ад “гарачага” бацькі атрымлівае рух, ад “халоднай” маці – матэрыю. Таму, зачацце пры цёплым ветры спрыяе нараджэнню хлопчыка, пры халодным – нараджэнню дзяўчынкі.
- А вось, у канцы мінулага стагоддзя Старкуэтар лічыў, што пол дзіцяці процілеглы полу таго з бацькоў, чые чалавечыя якасці вышэйшыя.
- І вядомыя мастакі эпохі Адраджэння і сучасныя пісалі Мадонну з немаўляткамі на руках. З адзінай мэтай - праз яе вобраз уздзейнічаць на розум і сэрцы людзей. Мадонна – гэта цэнтр духоўнага Сусвету, бо жанчына, якая нарадзіла хаць адно дзіця, - святая. (Засяродзіць увагу вучняў на рэпрадукцыях карцін мастакоў, развешаных на дошцы і паказаць на слайдах прэзентацыі.)
Многа, многа было загадак і тэорый.
У некаторых азіяцкіх краінах муж можа падаць на развод з жонкай, абвінаваціць яе толькі за тое, што не нарадзіла яму сыноў. Ці гэта правільна?
І толькі ў XX стагоддзя веды аб праблеме полу папоўніліся фактарамі першапачатковай важнасці. А якімі? (Вучні называюць: работы Мендэля з гарохам, законы мона- і дыгібрыднага скрыжавання, счэпленае наследаванне генаў – закон Моргана, кросінговер пры меёзе, падлічаны лік храмасом і інш.)
Этап вывучэння новага матэрыялу.
Задача: забяспечыць асэнсаванне і запамінанне новай інфармацыі (17 хв.).
- Генетыкі падлічылі ў навароджаных суадносіну палоў. Расшчапленне адбываецца ў суадносінах 1 : 1 або 50% : 50% (г.зн. мужчынскія і жаночыя асобіны нараджаюцца з аднолькавай верагоднасцю).
Згодна статыстычных дадзеных у нашай краіне на кожныя 100 дзяўчынак нараджаецца 106 хлопчыкаў. Аднак, ужо да 30-гадовага ўзросту колькасць мужчын і жанчын становіцца роўнымі, да 40-49 гадоў мужчын ужо ўдвая менш, чым жанчын. У выніку сярэдняя працягласць жыцця мужчын – 64 гады, а жанчын – 74. Некалі сенсацыйна прагучаў са старонак газет загаловак “Беражыце мужчын!” Ён і сёння гучыць актуальна.
(Настаўнік задае пытанні вучням на ўзнаўленне раней атрыманых ведаў пры вывучэнні курса біялогіі ў малодшых класах.)
(Вучні адказваюць, разважаюць, настаўнік карэкціруе і дапаўняе іх адказы.)
Які храмасомны набор у чалавека і мушкі дразафілы? Якія катэгорыі клетак адрозніваюць? Давайце разгледзім па табліцы (Табліца “Храмасомны механізм вызначэння полу”). (Настаўнік па табліцы на дошцы тлумачыць храмасомнае вызначэнне полу на прыкладзе мушкі дразафілы, адрозненне X і Y храмасом, запісвае схему скрыжавання, засяроджвае ўвагу, што падобны спосаб вызначэння полу ўласцівы ўсім млекакормячым арганізмам, у тым ліку і чалавеку.)
P: ♀ 44А + XX x ♂ 44А + XY
G: (22А + X) (22А + X) (22А + Y)
F 1: 44А + XX, 44А + XY
Расшчапленне паводле полу 1 : 1
Вучні робяць важную выснову, што пол арганізма вызначаецца ў момант апладнення і залежыць ад храмасомнага набору зіготы.
- Я хачу звярнуцца да вас з пытаннем, якое задала ў пачатку ўрока:
Калі вызначаецца пол арганізма?
Чаму я нарадзіўся хлопчыкам?
Чаму я нарадзілася дзяўчынкай? (Некалькі вучняў даюць адказы.)
Фізкульхвілінка.
- Самастойна ў групах прачытайце тэкст § 49, стар. 183, раздзел “Храмасомнае вызначэнне полу”. Першая група чытае пукт 1, вызначэнне полу ў клапоў з роду пратэнар; другая група – пункт 2, вызначэнне полу ў віду худы клоп. (Вучні чытаюць ў групах, абмяркоўваюць, затым адзін вучань з групы выступае перад класам з паведамленнем і тлумачэннем схемы скрыжавання.)
- Існуюць і іншыя варыянты вызначэння полу. Пазнаёмімся з імі. Разгледзім мал. 108 на стар. 185. У птушак, паўзуноў, рыб, земнаводных, пчол і мураўёў пол вызначаецца інакш. У некаторых жывёл вызначэнне полу залежыць ад знешніх умоў. (Настаўнік звяртае ўвагу на тое, што ў некаторых асобін самкі гетэрагаметныя, а самцы – гомагаметныя, дапамагае вучням складаць схемы скрыжавання.)
- У палавых храмасомах, акрамя генаў, якія вызначаюць пол арганізма, утрымліваюцца і іншыя гены, якія не маюць адносін да полу. Прыкметы, якія кантралююцца генамі, лакалізаванымі ў палавых храмасомах, называюцца прыкметамі, счэпленымі з полам. Разгледзім мал. 109 стар. 186. гамалагічныя і негамалагічныя ўчасткі X і Y –храмасом чалавека. У чалавека ёсць цяжкае спадчыннае захворванне – гемафілія, якая абумоўлена рэцэсіўным генам, размешчаным у X-храмасоме. Таму гетэразіготная жанчына па гэтым гене валодае нармальнай згусальнасцю крыві. Якое ж патомства можна чакаць у жанчыны, калі яна выходзіць замуж за нармальнага па гэтай прыкмеце мужчыну? (Вучань з дапамогай настаўніка на дошцы рашае задачу.)
- Падобная заканамернасць характэрная і для іншых рэцэсіўных, счэпленых з полам прыкмет (атрафія зрокавага нерва, дальтанізм, дыстрафія Дзюшэна). (Затым можна разгледзіць радаслоўную патомства каралевы Вікторыі Англійскай, разказаць чаму непажаданыя блізкароднасныя шлюбы ў параўнанні з аддаленымі шлюбамі, пры якіх адбываецца ўзнаўленне генетычнага матэрыялу.)
- Не мудрая прырода ў выглядзе знаёмых X і Y храмасом, а сляпыя густы бацькоў хочуць рухаць Сусвет… (Паведамленне вучня “Штучнае рэгуляванне полу”.)
Этап замацавання і карэкцыі ведаў вучняў.
Задача: садзейнічаць ліквідацыі прабелаў і памылак у ведах, забяспечыць прымяненне ведаў вучняў пры рашэнні задач (10 хв.)
Разкажыце ў групе свайму суседу храмасомны механізм вызначэння полу розных арганізмаў.
Складзіце 2 “тонкія” і 2 “тоўстыя” пытанні па гэтай тэме, задайце іх другім групам. Адкажыце на пытанні суседніх груп.
Рашыце задачу на наследванне прыкмет, счэпленых з полам.(Дадатак 3)
Этап рэфлексіі.
Задача: забяспечыць рэальную ацэнку вучнямі сваіх дасягненняў пастаўленай мэты (3 хв.)
Прыём “Мікрафон”
Звярніцеся яшчэ раз да дэвіза ўрока (эпіграф Арыстоцеля). Як вы разумееце яго цяпер?
Ці дасягнулі мэт, пастаўленых у пачатку ўрока?
Чаму вы навучыліся?
Аб чым вы задумаліся?
Што асабліва зацікавіла на ўроку?
7. Этап вызначэння дамашняга задання.
Задача: забяспечыць разуменне зместу дамашняга задання (1 хв.)
Вывучыць § 49, вусна адказаць на пытанні 1-5 на стар.187.
Рашыць задачу 6 на стар. 187.
Скласці задачу на наследаванне прыкмет, счэпленых з полам і яе рашыць.
Скласці крыжаванку па генетычных тэрмінах з § 49
Этап падвядзення вынікаў вучэбнай дзейнасці.
Задача: аналіз і ацэнка дзейнасці вучняў на ўроку, выстаўленне адзнак (1 хв.)
Настаўнік каменціруе адзнакі вучняў, выстаўляе іх у дзённік, ацэньвае работу груп і вучняў.
6