Гомельская навукова-практычная канферэнцыя вучняў
па сацыяльна-гуманітарных кірунках
"Пошук"
ДУА «Гімназія г. Буда-Кашалёва”
Навучальна-даследчая праца
Жаночы ідэал Янкі Купалы
Вучаніцы 9 класа
ДУА ”Гімназія г. Буда-Кашалёва”
Лозка Юліі Сяргееўны
Навуковы кіраўнік—
настаўнік беларускай мовы і
літаратуры
ДУА ”Гімназія г. Буда-Кашалёва”
Церахава Людміла Мікалаеўна
г. Буда-Кашалёва, 2015 г
Змест
І. Уступ…………………………………………………………………………….3
ІІ. Асноўная частка………………………………………………………..............6
Паэтавы прысвячэнні адрасатам любові.. .………………………………6
Жанчына і каханне ў Купалавым жыцці і лірыцы………………………7
Вобраз беларускай дзяўчыны ў паэмах Я.Купалы ……………………..13
ІІІ. Заключэнне…………………………………………………………………...15
ІV. Літаратура……………………………………………………………………16
V. Дадатак……………………………………………………………………….17
-3-
І. Уводзіны
На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем не кінуў
І не паважыцца кідаць.
Янка Купала
Янка Купала—паэт яркага лірычнага таленту.У яго творчасці беларускі народ увасобіў”сілу і прыгажосць свайго паэтычнага духу,сваёй глыбокай чалавечнасці,сваёй мудрай філасофіі,сваёй любві да жыцця і веры ў будучыню чалавека”.Так хораша сказаў пра Купалаву паэзію Міхась Лынькоў. Лірыка Янкі Купалы кранае нас сваёй прастатой, шчырасцю, праўдзівасцю выказаных пачуццяў. З гадоў маленства вершы паэта западаюць у душу,становяцца спадарожнікам на ўсё жыццё.
Купала пакінуў нам багатую спадчыну. Яго вершы жывуць, не цьмянеюць,будуць жыць праз стагоддзі.Час не мае над імі ўлады.У яго лірыцы засведчана асабіста перажытае хваляванне,выкліканае канкрэтнымі абставінамі. Амаль кожны верш—як споведзь, як дзённік. І ніводзін радок багатай Купалавай спадчыны не ашукае нашага даверу.
Доўгі час я даследавала творчасць свайго любімага паэта. Усе ведаюць, што самым цудоўным пачуццём у свеце лічыцца каханне. На любові да бліжняга пабудаваны ўсе рэлігіі на зямлі. Каханне і прыгажосць з’яўляюцца магутнымі рухавікамі прагрэсу. Рухаючай сілай Купалавай творчасці і была любоў: да людзей, да жанчыны, да радзімы, да прыроды. Тэма кахання—адна з цэнтральных у яго творчасці. Само пачуццё кахання заўсёды заставалася важнейшай гранню купалаўскага паэтычнага характару. У адных вершах гэта тэма ўбірае ў сябе звычайнае зямное пачуццё,
-4-
замілаванасць прыгажосцю дзяўчыны, у другіх—уздымае героя да ўзвышаных, незвычайных думак і пачуццяў. Аднак ва ўсёй інтымнай лірыцы Купалы глыбока выявіўся свет шчырай чалавечай душы—багатай,уражлівай, пяшчотнай,далікатнай…Чыстае, шчырае каханне дапамагае герою Купалы набыць гарманічнае светаадчуванне, бачыць прыгажосць, сэнс і асалоду жыцця. Каханне выступае ў паэзіі песняра як чалавечы знак, як крытэрыйчалавечнасці, якая супрацьстаіць сілам зла. Каханая—прамень сонца ў змрочнай рэальнасці.
Мяне зацікавіла:
*каго кахаў Янка Купала;
*хто натхняў песняра на цудоўныя творы;
*пра які ідэал сваёй выбранніцы марыў паэт;
*каму ён прысвячаў свае вершы;
*якой была сучасніца-дзяўчына Янкі Купалы;
*ці сугучны вобраз купалаўскай дзяўчыны з вобразам дзяўчыны,
сучаснай мне;
Мэта маёй працы: даказаць, што створаны Купалам вобраз беларускай дзяўчыны—увасабленне знешняга і ўнутранага хараства, маральнай чысціні, чалавечай годнасці і высакароднасці. Вобраз, дастойны пераймання і сучаснай дзяўчыне.
Задачы маёй працы:
*знайсці матэрыялы, якія будуць утрымліваць цікавую інфармацыю пра невядомыя старонкі жыцця Я.Купалы;
*вызначыць адрасатаў вершаў пра каханне;
-5-
*акрэсліць жыццёвыя моманты Янкі Купалы,лёсавызначальныя сустрэчы;
*прааналізаваць вершы,змешчаныя ў зборніку “Явар і каліна”, паэмы Я.Купалы, прысвечаныя вобразу дзяўчыны; вылучыць з гэтых твораў рысы характару беларускіх дзяўчат, сістэматызаваць напрацаваны матэрыял;
*правесці сацыялагічнае апытанне з мэтай высвятлення ўяўленняў аб рысах нацыянальнага характару беларускіх дзяўчын;
*скласці рэйтынг самых выразных і адметных рысаў беларускага дзявочага характару;
*параўнаць сучасную беларускую дзяўчыну з купалаўскім вобразам;
*давесці, што вобраз купалаўскай дзяўчыны, створаны на пачатку 20 стагоддзя, сугучны з сённяшнім днём.
Аб’ектам даследавання сталі асаблівасці нацыянальнага характару беларускіх дзяўчын купалаўскага часу і сучаснага.
Матэрыялам для даследавання сталі:
----сацыялагічнае апытанне, праведзенае сярод вучняў 9-х класаў па тэме работы;
----тэксты вершаў і паэм Янкі Купалы;
----навукова-метадычныя літаратурныя крыніцы пра жыццёвы шлях паэта і яго лірыку;
----перыядычныя выданні.
-6-
ІІ. Асноўная частка
Паэтавы прысвячэнні адрасатам любові
Я песняй мілую сваю праслаўлю
Паміж народамі сваіх,чужых зямель…
Янка Купала
Многія творы Янкі Купалы маюць сваіх адрасатаў: вершы “Успомні…”, “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея…”, “Мусіць трэба было…” прысвечаны Уладзіславе Францаўне Станкевіч—будучай жонцы паэта. У прысвячэнні “В.Станкевічанцы” Янка Купала выкарыстаў псеўданім Уладзіславы Францаўны, якім яна падпісвала свае вершы ў “Нашай Ніве”.
Верш “Аўтарцы “Скрыпкі беларускай” Янка Купала прысвяціў Цётцы ( Алаізе Пашкевіч).
Вяршыняй лірыкі кахання ў творчасці паэта стаў паэтычны цыкл 1915 года, навеяны асабістай драмай Купалы. Вершы “Снілася дзяўчыне”, ”Быў гэта сон…”,” Таей даўгажданай”,”Сыйду…”,”А яна…”,”Ночцы” прысвечаны Паўліне Мядзёлцы.
Янка Купала, калі прыязджаў у Акопы, часта сустракаўся са сваячніцай Ядвігіна Ш. Гэтай дзяўчыне (М. Шышко) паэт прысвяціў верш “Жняя”, у якім намаляваў надзвычай прывабны—зямны і ўзнёсла-адухоўлены—партрэт простай дзяўчыны-працаўніцы. А малодшай дачцэ пісьменніка А.Паўловіча Купала напісаў верш-зычанне “Для Янінкі”.
Верш “Мая думка” Янка Купала прысвяціў Канстанцыі Буйло, сяброўцы Уладзіславы Станкевіч.
-7-
Жанчына і каханне ў Купалавым жыцці і лірыцы
Без кахання шчасця, долі
Няма на зямлі...
Янка Купала “Пакахай мяне, дзяўчынка...”
Даўно заўважана, што лірыка кахання—адна з самых складаных галінаў літаратурнай творчасці, у якой мастацкая індывідуальнасць паэта можа ўвасобіцца з найбольшай сілай і выразнасцю, а творчая пасрэднасць выяўляецца занадта відавочна. Кожны раз, калі пішуцца радкі ”пра гэта“, паэт нібы ўзыходзіць на рынг рыцарскага турніра, дзе супраць яго выступаюць творцы тысячагадовай гісторыі прыгожага пісьменства. Паэтычнымі матывамі кахання Янка Купала пераўзыходзіць любога паэта ў беларускай літаратурнай класіцы.З яго вершаў любоўнай лірыкі (а іх каля сарака),з некаторых паэмаў( “Адплата кахання”, “Ніколі”, “Яна і я”)можна скласці цэлую кнігу паэзіі.
Інтымная лірыка Купалы звязана са светапоглядам і сацыяльна-маральнай канцэпцыяй жыцця, якая выступае ў яго творах. Жыццёвы вопыт даваў яму падставы думаць, што каханне няўтульна адчувае сябе ў рэальным свеце, што ў жыцці рамантычны бок гэтага пачуцця—заведамы абман…
Працуючы ў Яхімоўшчыне памочнікам вінакура, Янка Купала змагаўся з заміраннем сэрца, якое хвалявалася і ішло на гук песні жанчыны.У яго была сімпатыя да дзяўчыны, якую звалі Эмілія. 8 снежня 1906 года ён прызнаваўся:
І соладка сэрцам сваім не раз чую,
Што я не жадаю цябе, а люблю.
Люблю, як сястрыцу сваю дарагую,
Шаную, як родную матку сваю.
-8-
Затым быў Дольны Сноў, і з’явілася новае захапленне: дольнасноўская прыгажуня.Тут, у Дольным Снове, прыйшлі пачуцці, што сталі не радасцю, а бядою. Невядома, як звалася дольнасноўская паненка, якая прымусіла горача забіцца сэрца паэта, які ў вершы “На адвітанне”пісаў ёй: “Цябе першу я так любіў”.
Марыя Лайстаскене(Лаздзіну Пяледа)… Жанчына, якая магла забраць, паланіць усяго Купалу. Ды яна ўжо і забірала яго, і паланіла—несла паэту вялікую радасць, несла і неспазнаныя ім яшчэ да гэтага боль, перажыванні. Гордая душа Купалы даўно ўжо чакала кахання. Паэт баяўся яго прышэсця. Як матылёк на агонь, раз- пораз ляцеў ён на агонь кахання, але заўсёды не далятаў,бо не знаходзіў узаемнасці. Горкай у свеце сірацінай даўно ўжо ў гэтай сувязі лічыў сябе Купала. Але раптам сустрэў Яе…
Іх было дзве Ладзіну Пяледы—Софія і Марыя. Для Купалы была адна Ладзіну Пяледа—Марыя. “Мудрая мая арэшнікавая совачка”—называў так яе паэт.
Яна сама прыйшла да Купалы. Ён і верша не паспеў ёй прысвяціць,не паспеў агледзецца. Яна была на дзесяць гадоў старэй за яго.Яна была замужняй.(Муж—Вацлаў Ластоўскі). Жанчына вялікай душы, вялікага гарэння. Яна была для яго” плачкай над народнай нядоляй, як і ён сам; яна была для яго гордым рыцарам у бітве за ідэю абнаўлення свету, як і ён сам; яна была незразуметая, як і ён сам, і адзінокая, і пілігрымніца…” Перажыўшы разрыў з Марыяй Пяледай, Купала ўжо ўвогуле не спадзяваўся, што зноў узгарыцца пачуццямі, падобнымі да тых, што абудзіла ў ім Марыя…
Паўліна Мядзёлка—адна з першых выканальніц ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы.З ёй паэт пазнаёміўся ў 1908 годзе ў Вільні. Зусім юная, яна прыйшла да сяброў, а дзверы ёй адкрыў незнаёмы малады
-9-
мужчына, які стаў жартаваць з прыгожай дзяўчынай. А яна, калі даведалася, што сустрэлася з Купалам, расчаравалася—“звычайны хлопец, які вядзе такую несур’ёзную гутарку”.
Алег Лойка ў сваім рамане-эсэ ”Як агонь, як вада…” пісаў: ”На другі дзень Вашага прыезду ў Вільню, Іване Дамінікавічу, Вас сустрэла тады зусім маладзенькая Паўлінка Мядзёлка—прыгожая, цянюткая, як быліначка, з тонкімі рысамі твару, тонкімі вусначкамі, задуменнымі шэрымі вачанятамі пад чарнявымі броўцамі і светлым лобікам, аблямаваным хвалістымі—каштанавага колеру—валасамі“. Ёй, толькі ёй, Мядзёлцы, другой у свеце пасля Марыі Пяледы, Янка Купала напісаў верш са словам “даўгажданай” у назве. Гэтым словам паэт не раскідваўся: яно выказвала ў яго самае, самае, самае…
І блісне першая слязіна,
За ёй апошняя заблісне,--
Абедзве па табе, дзяўчына,
Што я чакаў так бескарысне!..
(“Таей даўгажданай”)
Паўліна Мядзёлка прыгадвае гісторыю стварэння верша ”Быў гэта сон…”, якую яна звязвае з найбольш важным момантам у жыцці Янкі Купалы: ”…Вільня. 1914 год. Седзячы ўдваіх з Янкам за столікам цукерні “Зялёнага Штраля”, дзе кожны вечар сустракаліся нашаніўцы, акторы, мастакі, Янка сказаў: ”Паўлінка, давай мы з табой пажэнімся. Раздзялі ты са мной долю і нядолю “.
Мядзёлка адмовіла паэту. Сэрца яе было занята…А яшчэ яна не магла пераадолець той раўнівасці, ведаючы пра першую, пра Пяледу, не магла пазбыцца абражанай гордасці, што бушавала ў ёй: чаму ён у жыцці так вёў сябе, што не яна—першая, яна, каторая толькі адна вартая быць ягонаю
-10-
першай?! Так яго, па яе думцы, вінаватага, карала сваёй адмовай Мядзёлка, адкладваючы на потым тое, што стала адкладзеным на святое ніколі. Кахала і… адмовіла.
Далей Паўліна працягвае: ”На наступны вечар Янка прыйшоў да Штраля крыху пазней… Быў пахмурны, маўклівы. Праз якісь час ціханька прабурчаў мне: ”Усю ноч заснуць не мог. І вось напісаў. На прачытай,-- і падсунуў мне лісток з напісаным алоўкам вершам…”:
Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маёй,
Што сярод бледных будных дзён
Я свята меў, глядзеў святлей.
Быў гэта толькі сумны сон,
Што ў вачах яе скрозь смех
Чытаў святы сабе закон
Кахання шчырага і ўцех.
(“Быў гэта сон…”)
Прайшоў час…Купала ўсё ўспамінаў Паўліну, не могучы разгадаць загадкі,чаму ўсё гэта ў ім прадаўжаецца і што гэта яна за яна, што ён так захапіўся ёю, так богатварыць яе. Якраз з гэтых падумкаў і ўзнік верш “А яна…”, верш—адказ на даўняе пытанне: “Хто і што яна?”, верш, прачытаўшы які, можна сказаць, што сустрэча з Ёю была для паэта шчасцем.
Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў у яе сумныя вочы,--
Як і сонца не туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!..
Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё—
-11-
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё…
А яна?..А яна была толькі…дзяўчына!.. (“А яна”)
Паэт не развітваўся са сваім каханнем. Купала кахаў і прагнуў, каб і яго пакахала яго абранніца…
Сяброўства паміж Купалам і Мядзёлкай працягвалася ўсё жыццё, іх адносіны засталіся цёплымі, далікатнымі і даверлівымі. Яны сустракаліся і ў 1917 годзе, калі Купала быў ужо жанаты з Уладкай Станкевічанкай, даўняй знаёмай Паўліны, у асобе якой Мядзёлка ніколі не спадзявалася мець саперніцу. Пазней былі сустрэчы ў Мінску ў 20—пач. 30-х гг. і ў 1932—1942 гг. у Маскве…
Уладка, Уладзіслава Францаўна, Купаліха, Станкевіч--- так называлі яе ў розныя гады жыцця. Энергічная жанчына, настаўніца, стваральніца. Сярод моладзі яна выдзялялася сваімі выключнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Атрымаўшы ў спадчыну ад маткі-францужанкі сваю гарачую, непаседлівую натуру, заўсёды рухавая, жартаўлівая, вясёлая, экспансіўная. Уладка заўсёды была душой грамады. Кожную радасць ці няўдачу ў грамадскім і асабістым жыцці яна моцна перажывала. Станкевіч была побач з Вялікім Паэтам, на ёй ляжаў водбліск яго Асобы. 23 студзеня 1916 года ў Маскве ў Петрапаўлаўскім касцёле адбылося вянчанне двух людзей, лёс якіх назаўжды знітаваны з Беларуссю. Сустрэча Янкі Купалы і Уладкі Станкевіч сталася дзвюм беларускім душам каханнем і шлюбствам. Кім была для паэта гэтая жанчына? ”… Яна вычула Шлях Купалы, яна сама шукала паэта, сама паехала за ім, учарнелым, як лес пасля пажару,пакінутым, вымушаным пакідаць мясціны нязвітага гнязда, такім бязродным, неўладкаваным, беспрытомным.Уладка Янку шкадавала, любіла, кахала, была такою рознай, незвычайнай, то экспансіўнай, то з
-12-
апалымі крыламі “,--пісаў Алег Лойка ў сваім рамане-эсэ “Як агонь, як вада…”.
Уладзіслава Станкевіч падзяляла даастачы радасці і турботы свайго мужа, аддана прыймала ўсе дзівосы паэта, жыла разам з ім адным жыццём. ”Вольная птушка сумнай зямліцы“—так некалі назваў сваю спадарожніцу жыцця Янка Купала.
Алаіза Пашкевіч… Незвычайнага чалавека ў Цётцы Купала адчуў завочна—па вершах, па зборніку”Скрыпка беларуская”, прачытаўшы які, ён напісаў верш ”Аўтарцы “Скрыпкі беларускай “:
Беларуса й яго жонку
Называеш ты людзьмі,
Беларусь, яго старонку,
Славіш песнямі сваймі…
Гэй, пяснярка, болей, болей
Нам на скрыпцы сваёй грай!
Прывітаем хлебам-соляй,
Дзякуй скажа родны край.
Алаіза Пашкевіч з сардэчнай цеплынёй і чуласцю адносілася да Янкі Купалы, кожны новы яго верш успрымала як вялікую падзею. Яна любіла ў Купалу Паэта, Талент. Цётка была незвычайнаю сяброўкай Купалы, і яна сама была для яго незвычайнай, загадкавай, маланкавай. ”Аскравак маланкі”—называў яе Купала, а яна надзяляла яго асаблівай увагай.
-13-
Вобраз беларускай дзяўчыны ў паэмах Янкі Купалы
Купала кахаў…Ён насіў у сваім сэрцы найвялікшае пачуццё—гэты маўклівы, засяроджаны ў сваіх думках акопаўскі Купала лета 1913-га. Там, у Акопах, зараджаліся задумы паэм “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”. Паэт ствараў вобразы трох розных гераінь, сам думаючы пра адну. Ёй, Паўлінцы Мядзёлцы, адной, і прысвячаў Янка Купала першую з трох паэм—“Бандароўну”, выпісваючы вобраз гераіні народных легенд… Гордая, смелая, непакорная, незвычайна прыгожая, яна гінула, але не станавілася палюбоўніцай- парабчанкай.
Больш складаным ствараўся вобраз Наталькі ў паэме “Магіла льва”. Найпрыгажэйшая сярод вясковых дзяўчат, “дзіцё сяла і грамады”, яна здрадзіла любаму, паддаўшыся на заляцанні багатага баярына. Але і ў панскіх пакоях сэрца дзяўчыны пакутвала ад адзіноцтва і жуды. Купала больш шкадуе сваіх герояў,чым асуджае. Ні панскія харомы, ні дзікі лес разбойніка не прывялі іх да шчаслівага жыцця. Яны застаюцца адзінокімі чужынцамі на роднай зямлі.Трагедыя ў тым, што найдаражэйшыя духоўныя якасці—сіла, мужнасць, дабрыня, прыгажосць, каханне, сардэчнасць, чалавечнасць, якімі надзелены героі паэмы, губляюць свой сэнс, свой воблік.
У паэме “Яна і я” Янка Купала стварае той ідэал жыцця, пра які марылі героі, як сямейную згоду і ўзаемнае шчасце. Жыццё павінна быць такім. Жыццё можа быць такім. Гэты твор—відзенне паэта, яго залаты сон. Купала так марыў мець Яе сваёю, што Яна ўжо здавалася яму ягонай. З кім толькі Яе ён не параўноўваў, аддаючы ўсе свае словы Яму, свайму герою. Просты сад з Ёю выглядаў яму “раем на зямлі “, у якім ён—Адам, яна—Ева, і называў ён яе гаспадыняй, а сябе—“твой вечна—гаспадар”. Яна для яго была яшчэ і “мілая”, і “галубачка бяскрылая”, і “сястрыца”, і “сірата”.
-14-
Яна, як ніцая бярозка тая,
Стаяла, за сяўбой слядзіла,
І як бы багародзіца святая—
Здавалася мне—блаславіла.
Ён і яна—сіроты на гэтай зямлі. Але пачуццё адзіноты абмінае іх. Прырода, вясна атаясамліваюцца ў паэме з жанчынай, зліваюцца з ёю ў адзін вобраз, у адну жыццядайную сілу.
Такім чынам, даследаваўшы вершы і паэмы Янкі Купалы, можна зрабіць вывад, што гераіні яго твораў цесна звязаны з жыццём самога паэта. Яны з’яўляюцца асобамі незвычайнымі, выключнымі, моцнымі, надзеленымі талентам, прыгажосцю, гармоніяй знешняга і ўнутранага хараства. Купала захапляецца імі, спачувае ім, ён зачараваны імі. Купалаўская дзяўчына сціплая, прывабная, высакародная, шчырая, верная свайму пачуццю, адданая праўдзе і справядлівасці.
Пры чытанні твораў Янкі Купалы я бачыла паэта эмацыянальнага, рамантычнага, узнёслага і адначасова зямнога. Сваёй творчасцю ён стварыў ідэальны вобраз дзяўчыны, у якім знайшлі сваё ўвасабленне хараство, маральная чысціня,чалавечая годнасць, высакароднасць. Вобраз, дастойны пераймання і сучаснай дзяўчыне.
Гэты ідэал не змяніўся з часам. Аб гэтым сведчаць вынікі сацыялагічнага апытвання, праведзенага мною сярод вучняў 9-х класаў нашай гімназіі, якім было прапанавана вызначыць пяць самых выразных і адметных рысаў характару сучаснай беларускай дзяўчыны. На аснове гэтага апытвання я склала рэйтынг:
Прыгажосць—85% Рамантычнасць—68% Добразычлівасць—70%
Выхаванасць—65% Працавітасць—73%
-15-
ІІІ. Заключэнне
Такім чынам, вобраз дзяўчыны ў творчасці Янкі Купалы ёмісты і разнастайны. Паэт стварыў поўны ідэал жанчыны. І на гэты вобраз ускладзена вялікая і святая місія на зямлі, бо і сусвет ачарствее “без ласкі вялікай жаночай “. Каб гэтага не здарылася, трэба зрабіць жанчыну шчаслівай. А шчасце для жанчыны—гэта быць заўсёды пачутай і патрэбнай блізкім людзям.
Французскі пісьменнік Андрэ Маруа пісаў: ”Мужчына ў каханні шукае міру, а не вайны. Шчаслівыя жанчыны—пяшчотныя, ласкавыя, іх кахаюць больш…”
З мінуўшчыны да нас даносяцца галасы закаханых. Давайце і мы ўслухаемся ў чароўныя вершы Янкі Купалы, навучымся дабрыні, сціпласці, кахаць моцна, навечна, бо каханне—найсвяцейшае зямное пачуццё, якое ўласціва людзям рознага ўзросту.
Не адно пакаленне прыйшло ў беларускую літаратуру пасля Янкі Купалы, прыйшло з новым вопытам жыцця, з высокім узроўнем адукацыі, але ўсё роўна мастакі слова звяртаюцца да купалаўскай паэзіі як да ўзору магутнай знітаванасці грамадзянскіх, маральных, эстэтычных каштоўнасцяў. Ён не выбіраў з жыцця паэтычнае, ён бачыў жыццё, вартае паэтычнага ўзнаўлення. Ён быў з часам, у якім жыў, застаецца і застанецца з часам, у якім жывуць яго нашчадкі. Я ўпэўнена, што мы цэнім Купалу за тое, што ён больш любіў на гэтым свеце,чым ненавідзеў. І яго творчасць, як сама любоў і прыгажосць, будзе нашым вечным спадарожнікам у жыцці.
-16-
IV. Літаратура
1.Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989 г.,№11.
2.Беларуская мова і літаратура ў школе.1990 г.,№7.
3.Гніламёдаў, У.В. Янка Купала: новы погляд: дапам. для настаўніка.—Мн.: Нар.асвета,1995.
4.Камсамольская праўда.2002 г., 12кастрычніка.
5.Камсамольская праўда.2006 г., 5кастрычніка.
6.Купала, Я. Спадчына: вершы і паэмы.—Мн.:Юнацтва,1988.
7.Лойка, А. Як агонь,як вада…:Раман-эсэ пра Янку Купалу.—Мн.: Маст.літ.,2000.
8.Навуменка, І.Я. Янка Купала: духоўны воблік героя.—Мн.: Вышэйш.шк.,1967.