Урок на тэму: Сяргей Грахоўскі Мама

Автор публикации:

Дата публикации:

Краткое описание: ...



Лірычная споведзь С. Грахоўскага ў вершы “Мама” (5 кл)


Мэты:

знаёміць з жанравымі асаблівасцямі лірычнай споведзі, спрыяць свядомаму засваенню зместу верша;

развіваць у школьнікаў уменне выразнага чытання і вусную маналагічную мову пры адказах на пытанні;

выхоўваць пачуццё любові, павагі, пяшчоты і ласкі да самага блізкага чалавека – маці.



Эпіграф:

Любі маці і бацьку свайго, і добра табе будзе на зямлі.

Біблія

Ход урока

1. Арганізацыйны момант

2. Індукцыя

Якое першае веснавое свята?

Якія людзі самыя блізкія для вас у сям’і?

Пра татуль мы гаварылі на папярэдніх уроках, а сёння ў нас новая тэма. Гаварыць сягоння будзем пра самага роднага, дарагога чалавека на свеце, які даў нам самае каштоўнае – жыццё, пра нашых мам. А эпіграфам урока будуць з’яўляцца словы біблейскай запаведзі. Як вы патлумачыце сэнс гэтага выказвання?

(Запіс у сшыткі тэмы і эпіграфа)

Гучыць музыка.

Ці спадабалася вам песня? Якія пачуцці яна выклікала?

Які вобраз узнік у вас, калі гучала песня?

А як вы лічыце, аб якіх пачуццях мы будзем гаварыць?

Калі б вы малявалі сваіх матуль, якімі б вы іх хацелі паказаць? Якія фарбы выкарыстоўвалі б? Раскажыце пра сваіх мам: якія яны, нашы мамы? Чым вы жадаеце быць падобнымі да вашых матуль?

ІІІ. Самаканструкцыя

Запішыце рад асацыяцый да слова “мама” (любоў, ласка, пяшчота, дружба, узаемаразуменне, цеплыня, дапамога, апора, спакой, радасць, павага…)

Настаўнік. Няма больш дарагога, роднага і светлага слова, чым маці, мама, матуля. Мама для кожнага з нас і самы добры, і самы ласкавы, і самы лепшы, і самы-самы дарагі чалавек на свеце. Слова мама гучыць ласкава і мілагучна на ўсіх мовах, незалежна ад таго, у якім узросце яго вымаўляюць і жанчыне якіх гадоў адрасуюць. У гэтым слове – жыццё ад нараджэння да смерці. У ім – сэнс жыцця, яго аснова і падмурак. Вобраз маці, мабыць, не абмінуў у сваёй творчасці ні адзін пісьменнік, мастак, музыкант, скульптар. У мастацтве вобраз маці вечны і надзённы.

У Бібліі напісаны дзесяць запаведзяў. Гэта найважнейшыя правілы, як жыць чалавеку. Пятая запаведзь вучыць: “Шануй сваіх бацьку і маці, і добра будзе табе, і доўга пражывеш на зямлі”

Вельмі добрым дарадцам з’яўляецца для нас і народная мудрасць.

Створана шмат прыказак пра ролю маці для кожнага чалавека: (вучань)

Маміна крыло і ў дарозе цёплае

Дзіця плача, а ў маці сэрца баліць

Пры сонейку цёпла, пры матцы добра

Без мамы і сонейка не грэе

Матчыны рукі заўсёды мяккія

Вобраз маці авеяны самай высокай паэзіяй. Не мог яго абысці і Сяргей Грахоўскі. У адным артыкуле ён пісаў: “Пакуль у нас ёсць маці, мы ў любым узросце застаемся маладымі. Таму ой як трэба берагчы, шанаваць і любіць сваіх мацярок; не гаркату, а толькі радасць і кветкі прыносіць ім.” Гэтай жа тэме ён прысвяціў свой верш “Мама”. (вызначаюцца мэты ўрока)


Мы сустракаліся ўжо з гэтым паэтам на старонках літаратуры. Што вы ведаеце пра С.Грахоўскага?

Адзін вучань выступае з невялікім паведамленнем пра біяграфічныя звесткі паэта. Затым настаўнік пад ціхую музыку выразна чытае твор.

Ці спадабаўся вам верш? Чаму?

Якія думкі, пачуцці абудзіў у вас твор?

Які тон (танальнасць) верша?(тон стрыманы, мінорны, сумны, спакойны)

Слова “мовазнаўцам” (вучань)

Мы патлумачым лексічнае значэнне незнаёмых нам слоў, якія сустрэліся ў вершы.

цыбаты – высокі, хударлявы;

блукаць – бязмэтна хадзіць, гуляць;

кнот – спецыяльная стужка, якая служыць для гарэння ў лямпе;

кужаль – валакно ачэсанага лёну, а таксама ніткі з такога валакна

змора – стан зморанага чалавека, бяссілле, стома

Фізкультхвілінка.

ІV. Праца з тэкстам

Якая доля была ў маці? Зачытайце адпаведныя радкі.

Аўтар у вершы называе яе адзінокай. Чаму?

З прапанаванай анкеты, у якой дадзена 25 рыс выберыце толькі 5 якасцей, якія характэрны маці з верша? (спачатку самастойная праца, а затым абмеркаванне ў парах і прадстаўленне вынікаў)

Як жа гэтая працавітая, добрая, клапатлівая, цярпялівая, сціплая маці ставілася да сына?

Якое жаданне было ў маці? Зачытайце адпаведныя радкі верша.

Вусна намалюйце паэта (І група - паэта ў маладосці) (ІІ група – паэта ў сталым узросце)

Якую віну адчувае паэт перад маці?

Чаму з вуснаў сына гучыць шчырая споведзь? Што такое споведзь?

(Споведзь - гэта запозненае ўсведамленне аўтарам уласнай віны, што не заўсёды пяшчотна і ўважліва ставіўся да маці, быў да яе халодны, абыякавы)

Што характэрна для гэтай формы верша? (даверлівая інтанацыя, глыбокі лірызм, непасрэднасць у перадачы пачуцця, задушэўнасць

Вызначце тэму і асноўную думку верша.

V. Замацаванне

Чаму вучыць нас верш? (Няхай гэты верш будзе пэўным урокам і строгім напамінам. Хай гучыць ён як папярэджанне ўсім маладым людзям)

Чаму слова “мама” – святое?

Верш “Мама” – гэта ода, гімн, дыялог з маці, лірычная споведзь ці плач па маці? Абгрунтуйце свой вывад.

За што дакарае сябе паэт?

Разгледзьце ўважліва фатаграфію сваёй мамы і падбярыце адзін эпітэт, які, на вашу думку, найбольш стасуецца з ім. І кожны запісвае яго на дошку. (Словы не павінны паўтарацца). У выніку атрымліваецца зборны вобраз мамы.

VI. Рэфлексія. Складанне сінквейна

Напрыклад:

Елка

Духмяная.Цудоўная.

Расце.Заварожвае.Радуе.

Я люблю зімовую елку.

Дзяцінства.


VII. Дамашняе заданне.

Выразнае чытанне верша і яго аналіз або ўласны верш пра маму ці выказванне па апорных словах: пачуццё спагады, захаплення, радасці, пяшчотныя маміны рукі, апранаць, карміць, паіць, першыя дзіцячыя радасці,няўпэўненыя крокі па зямлі, нашы няўдачы, падтрымка, парада, дапамога, пяшчота, ласка, самы дарагі чалавек.








Анкета “5 з 25” да верша С. Грахоўскага “Мама”


Родная, мілая, адзіная, добрая, адзінокая, любімая, клапатлівая, працалюбівая, шчырая, сардэчная, адданая, пяшчотная, ласкавая, няшчасная, любая, цудоўная, светлая, прыгожая, блізкая, чулая, даверлівая, спагадлівая, сціплая, цярплівая, працавітая.