Лірыка, в сокращении. Краткое содержание.

Все произведения в сокращении этого автора
Лірыка
Голас сэрца

Творчы шлях П. Броўкі складваўся няпроста. У 30-я гады паэт аддаў даніну індустрыялізацыі, услаўленню машыны. Ён хацеў сваю паэзію бачыць «чарнарабочай у станка». Лірычны талент мастака шырока раскрыўся ў творах ваеннага часу, дзе П. Броўка гаварыў шчыра, ад сэрца. Ён знайшоў свае, непадобныя на іншых вобразы, каб паказаць трагедыю паднявольнага жыцця на радзіме («Надзя-Надзейка»), гераізм змагання з акупантамі («Кастусь Каліноўскі»), выявіць веру ў перамогу («Будзем сеяць, беларусы!»), любоў да роднай зямлі «Спатканне», «Рана»). Паэт жыў трывогамі і спадзяваннямі народа, і ў вершах шырока загучалі інтанацыі, вобразы, рытмы, формы народнай творчасці:

— Надзя! Надзейка!.. — плача жалейка —
Болей рукам тваім
Жыта не жаці,
Жыта не жаці,
Снапоў не вязаці, —
Трэцюю ночку вісне дзяўчына
На белай бярозе ля роднай хаціны.
Горачка-гора сэрца скавала,
Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?
(«Надзя-Надзейка»)

У гады Вялікай Айчыннай вайны П. Броўка часта звяртаўся да жанру балады. Гэты жанр даваў магчымасць раскрыць драматызм і гераізм народнага жыцця, стварыць паэтычныя вобразы пакутнікаў і змагароў за вызваленне радзімы. Баладамі з'яўляюцца «Надзя-Надзейка», «Кастусь Каліноўскі», «Рана».

Асабіста перажытае, выпакутаванае, адчутае на вайне нарадзіла арганічны сплаў высокага паТрыятычнага пачуцця і глыбокага лірызму ў вершы «Спатканне». Яго лірычны герой гэта і сам паэт, і, шырэй, воін-беларус, які нясе вызваленне сваёй спакутаванай зямлі.

Як спяшаў я да вас,
Засмучоныя хаты,
Здратаваныя нівы,
Лугі-мурагі!..
Я вярнуўся да вас
Цвёрдым крокам салдата,
Хоць нямала пранёс
За дарогу тугі.
Хіба мог я калі -
Хоць на момант забыцца?
Вамі жыў я
I ў сэрцы хацеў зберагчы.
Мне званілі штодня
З-пад Ушачы крыніцы,
Хвалі Нёмна будзілі
Не раз уначы.

Родная зямля для лірычнага героя не толькі малая радзіма, Ушаччына, а ўся Беларусь. Яму нагадвалі пра сябе Сож, Нёман, Бяроза, Дняпро, яго «кліча Буг», каб над усёю краінай устала зарой перамога. У вершы гучыць радасць спаткання і боль за знявечаную зямлю, нянавісць да ворага, вера ў хуткую перамогу.

Пасляваенныя 40-я і 50-я гады былі маласпрыяльнымі для выяўлення шчырага пачуцця, захаплення звычайным, штодзённым жыццём. П. Броўка піша шмат, аднак нямногія яго творы становяцца з'явай, мастацтва. Голас паэта набывае уральнасць і чысціню толькі з канца 50-х гадоў.

Яны да спадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.
Як многа гавораць мне назвы такія —
Мінск, Пінск, Брэст.
Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,
Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,
Што продкі любілі спакойную працу —
Шклоў,
Клецк,
Мір.
...Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,
Каб звонка звінела, была, як агонь.
I сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, — Блонь,
Струнь,
Звонь!
(«Родныя словы», 1958)

Пра сваю любоў да радзімы, прыгажосць роднай мовы, спакойны, неваяўнічы, але разам з тым і незалежны характар беларусаў («А вораг находзіў — бязлітасна білі, трываць не хацелі абразы і слёз...»), паэт гаворыць без гучнай патэтыкі і высокіх слоў, згадваючы «родныя словы» — назвы беларускіх гарадоў, вёсак, рэк.

У вершы «Пахне чабор» —успамін маладосці пра вечар, сонца над борам, лёгкія дзявочыя крокі, што неслі шчасце; кахання ды так і не данеслі. А над усім гэтым — пах чабору:

Хіба пра вечар той можна забыцца?
...Сонца за лесам жар-птушкай садзіцца,
Штосьці спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор... Пахне чабор...
Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы,
Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,
Быццам абсыпана промнямі зор.
Пахне чабор... Пахне чабор...

Пачуццё закаханасці паэтызуе, узвышае звычайныя з'явы, таму сонца параўноўваецца з жар-птушкай, а дзяўчына паўстае «быццам абсыпанай промнямі зор». "

У юнака не хапіла рашучасці «выйсці насустрач, стаць і прызнацца». Ад кахання застаўся сумна-прыгожы ўспамін, які, аднак, трывожыць, кліча да сябе.

Час той схаваўся за дальняй зарою,
Здасца хвілінай — яна прада мною...
Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор,
Пахне чабор... Пахне чабор...

«Пятрусь Броўка асабліва арганічны ў слове нягучным, някідкім, у «традыцыйных» вобразах, яго перажыванням адпавядаюць звычныя памеры і кананічная строфіка, нескладаныя рыфмы. Але за гэткай вонкавай прастатой нярэдка тоіцца вялікая прастора, схаваны глыбінныя пласты зместу. Гукавая зладжанасць, унутраная гармонія, уменне знайсці адзінае патрэбнае слова і звязаць яго непарыўна з другімі словамі — вынік сапраўднага майстэрства і натхнення», — адзначае В. Бечык.

Паэзія П. Броўкі поўніцца пачуццямі дабра і справядлівасці, чысціні і прыгажосці, яна павучальная ў лепшым значэнні гэтага слова.

Усё пакінуць
след павінна
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень,
пясчынка
і расіна
Нязменна пакідаюць след.
I птушка песняю сваёю,
I кропля, што імкне да рэк...
А колькі,
колькі за табою
Слядоў на свеце,чалавек!
...Вы выйшлі ў далеч, маладыя,
Вам доўга крочыць праз гады.
Не забывайцеся ж,
якія
Вы пакідаеце сляды.
(«Сляды», 1963)

Заклік рабіць дабро, быць шчырым і шчодрым, ісці па жыцці сваёй дарогай, нягледзячы на цяжкасці, гучыць у вершах «Дабро», «Ты шчодрым будзь!..», «А ты ідзі...», «З нас кожны памыляцца можа...».

Паэзія П. Броўкі дае добры прыклад душэўнай шчодрасці, умення адчуваць сваё месца ў жыцці і не перабольшваць вартасці ўласнай асобы, быць самім сабою, але і не вылучаць сябе сярод іншых. Гэтыя рысы выразна выявіліся ў вершах «пра сябе» — «Вось узялі падсумавалі», «Памыл-ка», «Калі надыдзе час спачыну».

Калі надыдзе час спачыну,
Адна ёсць просьба да зямлі:
Накрый мяне крылом арліным,
Крыло галубкі пасцялі.
Абодвум з дзён маленства босых
Зайздросціў я, як ні кажы, —
Глядзеў услед арлу ў нябёсах
Ды галубінай быў душы.
А ўсё ж калісьці, у нейкім ранні,
З праменнем першым па расе
Не клёкат грозны — вуркаванне
Няхай мне вецер прынясе.
(«Калі надыдзе час спачыну», 1968)


Писатели, по которым есть произведения в сокращении:

  1. Адам Гурыновіч
  2. Алесь Гарун
  3. Алесь Жук
  4. Аляксей Дудараў
  5. Андрэй Макаёнак
  6. Андрэй Мрый
  7. Андрэй Рымша
  8. Аркадзь Куляшоў
  9. Афанасій Філіповіч
  10. Васіль Быкаў
  11. Васіль Цяпінскі
  12. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
  13. Вінцэсь Каратынскі
  14. Змітрок Бядуля
  15. Іван Мележ
  16. Іван Шамякін
  17. Кандрат Крапіва
  1. Кастусь Каліноўскі
  2. Каятан Марашэўскі
  3. Кірыла Тураўскі
  4. Кузьма Чорны
  5. Максім Багдановіч
  6. Максім Гарэцкі
  7. Максім Танк
  8. Мікола Гусоўскі
  9. Мікола Матукоўскі
  10. Міхась Зарэцкі
  11. Мялецій Сматрыцкі
  12. Ніл Гілевіч
  13. Паўлюк Багрым
  14. Пімен Панчанка
  15. Пятрусь Броўка
  16. Рыгор Барадулін
  17. Сімяон Полацкі
  1. Сымон Будны
  2. Уладзімір Жылка
  3. Уладзімір Караткевіч
  4. Уладзіслаў Сыракомля
  5. Францішак Багушэвіч
  6. Францыск Скарына
  7. Цётка
  8. Ядвігін Ш.
  9. Якуб Колас
  10. Ян Баршчэўскі
  11. Ян Вісліцкі
  12. Янка Брыль
  13. Янка Купала
  14. Янка Лучына
  15. Яўгенія Янішчыц
  16. Іншыя творы




© 2022 ќксперты сайта vsesdali.com проводЯт работы по составлению материала по предложенной заказчиком теме. ђезультат проделанной работы служит источником для написания ваших итоговых работ.