На золаку XX ст., калі Расію ўскалыхнулі хвалі
першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, на Беларусі цвёрда
і ўпэўнена, паэтычна натхнёна загучаў голас Цёткі. Паэтэса-рэвалюцыянерка,
асветніца, рэдактар, настаўніца, публіцыст, вучоны, медыцынскі
работнік — такую жанчыну падарыла беларускаму народу эпоха рэвалюцыйных
бітваў. Цётка быццам знарок была народжана для такога бурлівага
часу, які стаў для яе творчасці зорным. Паэтэса адкрывае новую
старонку ў беларускай літаратуры — старонку мужнасці і барацьбы.
Талент палымянай рэвалюцыянеркі выявіўся не толькі ў паэзіі,
але і прозе (пераважна ў жанры апавядання). Першым празаічным
творам Цёткі з'яўляецца алегарычнае апавяданне "Прысяга
над крывавымі разорамі". Гэта невялічкая замалёўка з жыцця
беднага і гаротнага селяніна Мацея нагадвае пракламацыю з выразна
акрэсленай рэвалюцыйнай ідэяй — патрабаваннем права на зямлю
і волю. Экспазіцыя апавядання даволі лаканічная. Стары, слабы,
змучаны цяжкай працай і нястачай Мацей павінен працаваць на
полі, бо болей няма каму. Тры сыны Мацея разляцеліся, як птушкі,
па свеце: адзін наняўся парабкам, другі стаў рабочым, трэцяга
забралі ў войска. І прыходзіцца старому чалавеку, хвораму і
нямогламу, апрацоўваць сваю зямлю самому. А яшчэ ж трэба адправіць
доўг: "Мардасовічу — за лён, Бізуноўскаму — за пашу, а
там і за бульбу плужы і плужы штодзень на адработках".
Змарыўся Мацей, прылёг адпачыць і заснуў. І сніцца яму, што
на яго палосцы "сабралася моц народу" (і маладыя,
і старыя, і мужчыны, і жанчыны, і дзеці) і ўсе крычаць: "Вузка!
Цесна! Мала!". Беднякі з натоўпу ставяць пытанне: "А
скуль узяць? Скуль дастаць?". І ў адказ ім чуюцца галасы:
"Глядзіце, во пра'сторы! Во нівы, лясы, палі! Усё гэта
наша!". Сусед жа Мацея Астап запалохвае: "Не дадуць:
то казённае, дворнае, — ні я, ні вы не маеце права... Не дадуць,
паб'юць...". Сярод натоўпу бачыць Мацей і трох сваіх сыноў,
якія становяцца на калені і прысягаюць: "Мы дамо! Мы —
сіла! Мы — праваі". Тры браты, якія сімвалізуюць адзінства
рабочых, сялян і салдат, здольны дабіцца свабоды свайму народу,
даць зямлю беззямельным. Сон Мацея — не проста яго спрадвечная
мара аб зямлі, не проста яго гора і боль, а папярэджанне аб
вялікай крыві, якая пральецца на гэтай зямлі. Апавяданне заканчваецца
сімвалічна: "Разоры стаяць поўны крыві, а над імі вісяць
тры скрыжаваныя далоні...". Цётка паказвае гэтым, што дарагой
цаной прыйдзецца плаціць за зямлю і волю, што гэта барацьба
патрабуе адзінства і згуртаванасці. Гісторыя пацвердзіла гэта.
Змест твора супадае з сённяшнімі рэаліямі. Нам, беларусам, адзінства
і згуртаванасць неабходны, як сонца і паветра. Любую бяду лягчэй
пераносіць разам. Ніхто не дапаможа нам у вырашэнні сацыяльных,
эканамічных, экалагічных праблем, калі мы самі, усе разам, не
дапаможам сабе. Прыйдзе час, і разоры гісторыі запоўняцца новым
сэнсам. І не кроў і слёзы будуць сімвалізаваць гэты час, а ўрадлівая
ніва, каласы якой будуць згінацца пад цяжарам зерня.