Аповесць I. Шамякіна "Ахвяры", як і многія творы
пісьменніка, прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. У ёй
аўтар уздымае новую для беларускай літаратуры праблему, якая
доўгі час замоўчвалася ці. няправільна ацэньвалася. У цэнтры
ўвагі пісьменніка — дзейнасць Мінскага падпольнага і партызанскага
руху, а таксама складаныя ўмовы ўзаемадзеяння падпольнага кіраўніцтва
з прадстаўнікамі НКУС, засланымі быццам бы для карэкціроўкі
сумесных дзеянняў арганізацый. Падзеі адбываюцца ў адным з партызанскіх
атрадаў, які ўзначальвае Аляксей Іванавіч Ман. Паміж камандзірам
атрада, начальнікам штаба Навумам Брагінскім і камісарам Ігарам
Кіпенем складваюцца адносіны ўзаемаразумення, узаемавыручкі,
што, безумоўна, дапамагала ў агульнай барацьбе з акупантамі.
Няма ніякага недаверу і недагаворвання паміж героямі твора,
хаця Брагінскі — былы капітан-акружэнец, а Ман — былы "вораг"
народа, які зведаў на сабе ўсе жахі допытаў у засценках НКУС.
У жыццё партызанскага атрада ўмешваецца прадстаўнік спецгрупы
НКУС Золатаў Якаў Міхайлавіч, закінуты ў тыл ворага для кантролю
над дзейнасцю партызанаў і падпольшчыкаў. Усю сваю кіпучую дзейнасць
ён будуе на недаверы, падазронасці, збіранні кампраматаў, падаўленні
волі чалавека, на шантажах, правакацыях, грубай фізічнай сіле.
Прымітыўна разумеючы задачы барацьбы з ворагам, Золатаў спрабуе
ўзяць у свае рукі кіраўніцтва атрадам. На шчасце, гэтага не
атрымалася, бо людзі больш давяраюць Ману. Прыслужнік сталінскай
машыны, Золатаў любой цаной хоча выслужыцца перад кіраўніцтвам.
І таму ён лёгка прыняў за праўду варожыя выдумкі аб тым, што
падполле арганізавалі самі немцы ў правакацыйных мэтах, і паслаў
у Маскву радыёграму. Шкода, якую нарабілі гэтыя дзеянні, сёння
агульнавядомая. Па загадзе П. К. Панамарэнкі ўсім аб'яднанням
і групам было забаронена ўступаць у якія-небудзь сувязі з мінскімі
арганізацыямі, што, па сутнасці, паралізавала іх дзейнасць,
прымусіла змагацца без скаардынаванасці, паасобку. У такіх умовах
Золатаў стаў асабліва "пільным". Ён з'яўляецца віноўнікам
гібелі смелага і адважнага юнака, кіраўніка падпольнай групы
Стася Шабовіча, многіх няшчасцяў у атрадзе. У канцы твора I.
Шамякін паказвае маральны крах Золатава. Ён трапляе ў рукі фашыстаў,
пачынае спраўна служыць ім. Для такіх людзей усё роўна, каму
і як прыслужваць, бо для ўласнага выжывання і дабрабыту яны
гатовы ахвяраваць усім святым у жыцці.