У горане часу неспапялiмыя
Над Беларуссю яго жаўрукi.
З.Дудзiк
У лiтаратуры кожнага народа есць мастакi слова, у спадчыну
ад якiх нам засталося не так i шмат. У беларусаў — Паўлюк Багрым.
Цяжкiм i няпростым быў лёс гэтага юнака: гаротнае жыццё беднага
сялянскага хлопца, рэкрутчына за распаўсюджанне антыпрыгоннiцкiх
вершаў, працяглая служба ў глыбiнi Расii. Але, нягледзячы на
цяжкiя выпрабаваннi лёсу, ён заставаўся мастаком слова — уладаром
чалавечых душ. У творчай спадчыне П. Багрыма было тры вучнёўскiя
сшыткi, якiя бясследна знiклi пры арышце юнага паэта. Напэўна,
гэта былi вершы пра цяжкую долю беларускага народа, вершы антыпрыгоннiцкай
накiраванасцi. А можа, гэта былi вершы пра каханне, аб прыгажосцi
беларускай зямлi. Захаваўся толькi адзiн верш "Зайграй,
зайграй, хлопча малы...", напiсаны паэтам у 15-гадовым
узросце. Верш прысвечаны Крошынскаму паўстанню 1828 г. Лiрычным
героем твора з'яўляецца падлетак-пастушок, уласнасць жорсткага
пана, якi "кiямi" закатаваў бацьку. Каб пазбегнуць
рэкруцтва, хлопчык вырашае пакiнуць родны дом i пайсцi ў "свет,
у бездарожжа". Думкi i пачуццi прыгоннага падлетка, скiраваныя
ў бок пошукаў выйсця з безвыходнага становiшча, вызначаюцца
адчаем i бездапаможнасцю. Падлетак гатовы абярнуцца ў ваўкалаку,
нарадзiцца каршуном — тады яго ў "паншчыну б не пагналi,
у рэкруты б не забралi i ў маскалi не аддалi". Ён шкадуе,
што да яго не дакрануўся сваiм крылом кажан — тады б, па народным
павер'i, ён навекi застаўся недаросткам i пазбег бы салдатчыны
i паншчыны. Асаблiва адчайна гучаць радкi, дзе пастушок зусiм
не хацеў бы нараджацца. Гэту думку ён звязвае з найдаражэйшым
чалавекам — мацi, якая, напэўна б, была больш шчаслiвай i змагла
пазбегнуць пакут з-за трагiчнага лёсу сына:
Каб ты мяне не радзiла.
Каб ты мяне не кармiла,
Шчаслiўшая ты бы была!
У вершы П. Багрыма, якi I. Навуменка назваў творам "з
лiку бязлiтасна-адчайных аб нежаданнi жыць", матыў безвыходнасцi
крыху паслабляецца жаданнем героя знайсцi выйсце, супрацьстаяць
антычалавечым абставiнам жыцця, не скарыцца лёсу. Верш кранае
сiлай пратэсту супраць прыгоннiцтва i рэкруцтва, арганiчнай
спалучанасцю формы i зместу. Цесна звязаны з фальклорнымi традыцыямi
(вобразы ваўкалака, каршуна, кажана, народна-песенныя звароты,
паўторы), ён выявiў вялiкiя магчымасцi беларускага паэтычнага
слова. Вярнуўшыся з рэкрутаў, пастарэлы i знясiлены, П. Багрым
ужо не наважваўся брацца за пяро. Ён працаваў у Крошыне кавалём.
Да нашага часу захавалася металiчная жырандоль з арнаментальнымi
жаўранкамi, па-мастацку зробленая П. Багрымам. Толькi два адбiткi
свайго жыцця — верш i жырандоль — пакiнуў нам у спадчыну П.
Багрым. Пакiнуў дзве жаўруковыя песнi.