Лiтаратурную дзейнасць Ян Баршчэўскi пачаў у Полацкай калегii
паэмамi "Пояс Венеры" i "Псiхея", вытрыманымi
ў стылi польскага класiцызму. Твораў, напiсаных на беларускай
мове, захавалася мала. Гэта дыдактычныя вершы "Дзеванька"
i "Тарэлiца", а таксама паэма "Рабункi мужыкоў"
("Размова хлопаў"), прысвечаная падзеям 1812 г. Гэтыя
творы прадуманыя з боку кампазiцыi, iм не адмовiш у лiрызме
i пэўнай сатырычнай скiраванасцi. Так, у вершы "Дзеванька"
аўтар папракае маладую асобу за беспадстаўныя прэтэнзii на панскасць,
а ў вершы "Гарэлiца" — п'янiцу за празмерную прыхiльнасць
да "зялёнага змiя". Пад уплывам пiсьменнiкаў-рамантыкаў
Я. Баршчэўскi пачаў апрацоўваць беларускiя паданнi, легенды,
казкi, песнi, прыказкi i прымаўкi, у вынiку чаго была напiсана
"кнiга сэрцаў i характараў людскiх" "Шляхцiц
Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". У гэтым
чатырохтомным зборы апавяданняў, якi параўноўваюць з цыклам
"Тысяча i адна ноч", пiсьменнiк абгрунтаваў думку
пра самабытнасць, велiч i духоўнае багацце беларускага народа.
Скразным вобразам, якi аб'ядноўвае твор у адзiнае мастацкае
цэлае, з'яўляецца шляхцiц Завальня. Ён гасцiнна сустракае ўсiх
падарожных, шчодра частуе iх, уважлiва слухае жыццёвыя гiсторыi
i казкi, 3 такiх гiсторый мы даведваемся пра багатага Карпа,
рыбака Родзьку, пана Сiвоху, сляпога Францiшка, паляўнiчага
Сямёна i iншых герояў, якiя аказваюцца ў самых розных i неверагодных
жыццёвых сiтуацыях, трапляюць пад уплыў чорных сiл, змагаюцца,
перамагаюць, выратоўваюцца, гiнуць... ("Пра чарнакнiжнiка
i змяю, што вылупiлася з яйка, знесенага пеўнем", "Карона
вужа", "Зухаватыя ўчынкi", "Вогненныя духi").
Фантастычныя апавяданнi Я. Баршчэўскага, адметныя i непаўторныя,
звязаны з "духам i паэзiяй народа". Яны насычаны афарызмамi,
трапнымi выслоўямi i параўнаннямi: "Хто вучыцца, той павiнен
пра усё ведаць"; "Помстаю не супакоiш пакуты";
"Чалавек без рэлiгii на усё гатовы"; "Якая карысць
спрачацца з людзьмi, якiя маюць абмежаваныя веды i пачуццi?";
"Перасаджваць дубы - найвялiкшае няшчасце". У iх сцвярджаюцца
вечныя iсцiны чалавечага быцця: мiласэрнасць, дабрыня, вернасць,
усёдаравальнасць, любоў да блiжняга i роднай зямлi. Праз сiстэму
выяўленчых сродкаў i на аснове багатых фальклорных матэрыялаў
Я. Баршчэўскаму ўдалося стварыць сiмвалiчны i непаўторны вобраз
Плачкi-Беларусi i яе пакутнiцкага лёсу.