Творчы шлях Яна Чачота, сябра вядомага паэта Адама Мiцкевiча,
даволi складаны. У час навучання ў Вiленскiм унiверсiтэце ўступiў
у тайнае студэнцкае таварыства фiламатаў (фiламаты садзейнiчалi
ўсеагульнай "асвеце", вывучэнню гiсторыi роднага краю,
вусна-паэтычнай народнай творчасцi), дзе з'яўляўся кiраўнiком
лiтаратурнага аддзела. Пасля выкрыцця царскiм урадам студэнцкiх
згуртаванняў быў зняволены ў Вiленскую турму, а потым сасланы
на Урал у крэпасць Кiзiл. Вярнуўшыся на радзiму ў 1833 годзе,
пачаў займацца збiраннем фальклорных матэрыялаў, якiя былi выдадзены
ў шасцi фальклорных зборнiках "Сялянскiя песенькi".
Першыя беларускiя творы Яна Чачота непасрэдна звязаны з дзейнасцю
студэнцкага таварыства фiламатаў i па форме нагадваюць iмянныя
вiтаннi. Яны былi прысвечаны сябрам Ю. Яжоўскаму, Д. Хлявiнскаму,
А. Мiцкевiчу, Ф. Малеўскаму i iнш. ("Да пакiньце ж горла
драць", "Iмянiннае павiншаванне", "Едзеш,
мiленькi Адам") i складзены па ўзоры беларускiх народных
песень i iх вобразна-выяўленчых сродкаў Вялiкай папулярнасцю
сярод фiламатаў карысталiся песнi "Што старыя за вар'яты",
"Прэч, прэч, сум, нудоты", напiсаныя па матывах папулярных
у тыя часы народных песень i, як правiла, сцвярджаючыя вольналюбiвыя
настроi моладзi. Фалькларыстычныя мастацкiя прынцыпы аказалi
вялiкi ўплыў i на польскамоўныя балады Я. Чачота "Наваградскi
замак", "Свiцязь", "Бекеш", "Узногi",
у якiх спалучылiся элементы рамантызму i сентыменталiзму. Другi
перыяд творчасцi Я. Чачота (пасля вяртання з ссылкi) характарызуецца
пiльнай увагай паэта-фалькларыста да беларускай народнай песеннай
творчасцi. На працягу прыкладна 10 гадоў ён сабраў i выдаў у
Вiльнi 6 кнiг "сялянскiх песенак" (тры з iх перакладзены
на польскую мову, а астатнiя апублiкаваны ў арыгiнале, на беларускай
мове). Побач з народнымi песнямi ў кнiгах змяшчалiся прыказкi,
прымаўкi, фразеалагiзмы, уласныя вершы аўтара. У гэтых творах
паэт з павагай пiсаў пра беларускую мову i яе носьбiтаў — сялян.
Так, у прадмове да кнiгi "Сялянскiя песенькi з-над Нёмана"
даследчык зазначае: "Сяляне нашы, люд добры, лагодны, працавiты,
справядлiвы, павiнны абуджаць у нас самыя прыхiльныя да сябе
пачуццi. З iмi можам быць шчаслiвыя. За працу iх рук аддаючы
iмi працу розуму i нашай асветы, можам памножыць агульнае дабро.
Не думайма, каб i ад iх мы не маглi чаму навучыцца. Многаму
навучымся, вывучаючы iх становiшча i нораў: знойдзем у iх паданнi,
казкi, легенды, i найбагацейшым будзе жнiво песенак, якiя дазваляюць
спазнаць iх пяшчотныя, прыгожыя, тонкiя нават i глыбокiя пачуццi".
У беларускiх вершах "Да мiлых мужычкоў", "Покулы
сонца ўзыдзе", "Плакала бяроза ды гаварыла",
"Нашто нам дым выядае вочкi", "Быў я колiсь кавалём"
паэт адстойваў iнтарэсы сялян, iмкнуўся прымiрыць iх з панамi,
выказваўся за маральнае ўдасканальванне чалавека працы. Асноўную
прычыну цяжкага жыцця селянiна Я. Чачот бачыў у абыякавых адносiнах
да яго пана, у нядобрым i злым аканоме. I таму ён заклiкаў:
Пане ты наш, пане!
Будзь жанам ласкавы,
Не дай аканома,
Што асцёбаць жвавы.
У змаганнi за гуманiстычныя адносiны да чалавека працы, жаданнi
палепшыць яго долю, сцвярджэннi iдэi грамадзянскай роўнасцi
сялян i паноў, у iмкненнi зацiкавiць пануючыя класы жыццём сялянства,
а таксама маральна-этычнай змястоўнасцю i эстэтычнай каштоўнасцю
народных песень вызначаецца асветнiцкая i дэмакратычная значнасць
дзейнасцi Я. Чачота. Творы паэта на беларускай мове, як справядлiва
зазначае К. Цвiрка, — яскравае сведчанне "нараджэння новай
беларускай лiтаратуры i адначасова нацыянальнага адраджэння
аднаго з самабытных i вялiкiх народаў".