Нядоўгiм, але творча насычаным было жыццё Янкi Лучыны. Пiсаць
ён пачаў рана, яшчэ ў дзевяцiгадовым узросце, у час навучання
ў прыватным пансiёне. Першы верш, "Не дзеля славы ...",
напiсаны па-руску, носiць дэкларатыўны характар. Аўтар гаворыць,
што ўсё жыццё ён будзе служыць "стране глухой, забитой,
где мрак невежества царит, в лачуге где, соломой крытой, мужик
печально дни влачит." Аб паэтычных i эстэтычных прыярытэтах
Я. Лучыны можна меркаваць па яго перакладах з польскай мовы,
у прыватнасцi, па перакладзе верша Ул. Сыракомлi "Не я
пяю — народ божы...". Пiсьменнiк адкрыта заяўляе, што сваёй
творчасцю ён выказвае спрадвечныя мары i спадзяваннi народа,
што яго творчасць — гэта голас цёмнага i прыгнечанага народа:
З iм я злiўся з добрай волi,
Чы то ў долi, чы ў нядолi,
Чы гдзе гора абзавецца,
Як асiна, грудзь трасецца.
Творчасць Я. Лучыны на трох мовах выконвала ролю своеасаблiвай
пасярэднiцы ў польска-рускiм лiтаратурным дыялогу, адлюстроўвала
розныя аспекты беларускай рэчаiснасцi канца 19-га ст. Калi ў
польска- i рускамоўных вершах паэт застаецца традыцыяналiстам,
то ў сваёй беларускамоўнай творчасцi ён з'ўляецца наватарам.
Адметнасць беларускiх вершаў Я. Лучыны ў тым, што яны ўяўляюць
сабою вынiк удалага перапляцення рэалiстычнага i рамантычнага
пачаткаў. I гэта невыпадкова, бо напрыканцы 19-га ст. у рускай
лiтаратуры была моцнай рэалiстычная, а ў польскай — рамантычная
плынi. У беларускай жа лiтаратуры Я. Лучына заслужана лiчыцца
пачынальнiкам фiласофскай лiрыкi. Беларускiя вершы Я. Лучыны
выйшлi асобным зборнiкам ("Вязанка", 1903) ужо пасля
яго смерцi. Тэматыка творчасцi пiсьменнiка не вызначаецца асаблiвай
шырынёй: гэта пераважна жыццё беларускай вёскi. Галоўным героем
звычайна з'яўляецца просты селянiн — найбольш варты, на думку
аўтара, прадстаўнiк роднай зямлi i носьбiт высокiх маральных
якасцей. З асаблiвай любоўю i лiрызмам пiша пра яго паэт у вершы
"Што думае Янка, везучы дровы ў горад". Аўтар па-мастацку
тонка i выверана перадае трывожны ўнутраны стан героя, яго перажываннi
за свой лёс i крыўду на жыццё, у якiм "усюды песнi i гулянкi",
адзiн толькi ён вымушаны ехаць прадаваць дровы ў горад, каб
купiць трохi жыта. Рамантызм Я. Лучыны, спалучаны з рэалiстычным
адлюстраваннем жыцця, надае значную адметнасць, у параўнаннi
з польскамоўнай спадчынай, такiм яго беларускiм вершам, як "Сiвер","Вясна"
i "Роднай старонцы". Жыццё сялян параўноўваецца ў
гэтых творах з лютай зiмой, якая нiяк не хоча саступаць месца
вясне. Так, звяртаючыся да сiверу, галоўны герой верша ўсклiкае:
Хоць бы раз без цябе зарунець бы палям,
Хоць бы раз у свой час адышла бы зiма!
Ўстрапянуўся бы дух ў чалавечай грудзi,
Дый забылi бы мы мора смутку дый слёз...
Такiм чынам, перамены да лепшага звязваюцца з надыходам вясны,
— якая асацыiруецца са светлай зарой, пасля ўзыходу якое селянiна
спаткае шчаслiвая доля. Паэт непахiсна верыць у надыход такога
часу. Аб гэтым сведчыць i яго прасякнуты аптымiзмам верш "Роднай
старонцы": I будуць жыцi дзеткi патомныя Добраю доляй —
доляй шчаслiваю. Я. Лучына не прызнаваў капiталiстычных адносiн
у грамадстве, але верыў, тым не менш, у тэхнiчны прагрэс, народжаны
капiталiзмам. Не прымаў паэт таксама i спажывецкiх настрояў
у адносiнах да прыроды. Таму цалкам заканамерным было з'яўленне
польскамоўнай паэмы Я. Лучыны "Паляўнiчыя замалёўкi".
Галоўны герой паэмы, Грышка, "дзiця прыроды вольнага Палесся"
жыве ў гармонii з прыродай i людзьмi, таму ён балюча ўспрымае
iдэю аб пракладцы чыгункi праз запаветныя лясы. Паэма, у якой
паказаны жыццё i побыт леснiковай сям'i, з'явiлася своеасаблiвым
прадвесцем "Новай зямлi" Я. Коласа. Я. Лучына не толькi
паэт, але i аўтар двух нарысаў, драматычнага абразка i шматлiкiх
перакладаў твораў Ул. Сыракомлi, М. Някрасава, Г. Гейне, Гамера.
Яго творчасць адыграла значную ролю ў паглыбленнi лiрызму нацыянальнай
паэзii, яе гуманiстычнага пафасу i аптымiстычнага погляду ў
будучыню.