Кузьма Чорны, прадаўжаючы і развіваючы гуманістычныя
традыцыі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, аказаў значны
ўплыў на развіццё беларускай аналітычнай прозы і яе эпічных
жанраў. Ён з'яўляецца адным з пачынальнікаў псіхалагічнай прозы.
Пісьменнік адводзіў літаратуры важную ролю ў нацыянальным адраджэнні,
лічыў яе "наймагутнейшай з'явай жыцця краіны, адным са
сродкаў творчасці гэтага жыцця". Пачынаў пісьменнік свой
творчы шлях на пачатку 20-х гадоў з лірычных і надзвычай эмацыянальных
апавяданняў, якія па форме нагадвалі навелы ці імпрэсіі. Напісаныя
на матэрыялах з жыцця вёскі і горада, яны паказвалі духоўнае
абуджэнне народа. У пачатку 30-х гадоў К. Чорны прыходзіць да
гістарычна-канкрэтнага разумення новай рэчаіснасці. Яго ўвагу
прыцягвае жыццё народа на вялікім адрэзку часу. У рамане "Бацькаўшчына"
пісьменнік імкнуўся асэнсаваць і абагульніць змены ў жыцці грамадства,
выкліканыя Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Падзеі, апісаныя ў творы,
ахопліваюць некалькі дзесяткаў гадоў. Галоўным героем рамана
з'яўляецца селянін Леапольд Гушка — чалавек без зямлі і бацькаўшчыны.
Адвечная беднасць і нястача не заглушылі ў ім пачуцця чалавечай
годнасці. Чалавек сумленны і цярплівы, надзелены незвычайнай
сілай волі, ён не палохаецца жыццёвых цяжкасцей, "стаіць
на нагах моцна". Герой твора марыць аб набыцці кавалка
ўласнай зямлі, на якой ён быў бы гаспадаром. Леапольд, як і
Міхал з "Новай зямлі", верыць, што на сваёй зямлі
ён стане незалежным і шчаслівым, зажыве па-людску. Рэвалюцыя
быццам бы здзейсніла мару Гушкі. Ён атрымаў некалькі дзесяцін
камяністай няўдобіцы, на якой працаваў як закляты. Але змяніўся
час. І герой твора становіцца змагаром за новы лад, новую бацькаўшчыну.
Ён аддае ў камуну набыты з неймавернай цяжкасцю надзел зямлі
і гэтым самым нібыта вызваляецца ад пакутаў уласніцтва. Логіка
развіцця характару Леапольда відавочна парушаецца. І з сённяшняга
пункту гледжання такія паводзіны героя рамана здзіўляюць, не
паддаюцца лагічнаму аналізу і растлумачванню. Гэтым учынкам
герой твора як бы перакрэслівае сваю ранейшую жыццёвую праграму.
На апошніх старонках твора, даволі публіцыстычных і схёматычных,
мы бачым Леапольда старшынёй пагранічнага калгаса, кіраўніком
пасяджэння раённага з'езда саветаў. Тут адчуваецца ўступка аўтара
ідэям таго часу, калі неабходна было паказаць, як ва ўмовах
савецкай рэчаіснасці былы батрак ператвараецца ў дзяржаўнага
дзеяча, як селянін развітваецца са сляпой наіўнай верай ў сваё
вызваленне шляхам набыцця ўласнай зямлі. Тэма фарміравання новага
чалавека, які быццам бы ва ўмовах савецкай рэчаіснасці вызваляецца
ад уласніцкай псіхалогіі, становіцца асноўнай і ў рамане К.
Чорнага "Трэцяе пакаленне". На працягу 30-х гг. К.
Чорны напісаў нямала твораў, у якіх, нягледзячы на кампраміс
з часам, здолеў паказаць важныя праблемы новага часу. У аповесці
"Люба Лук'янская" пісьменнік імкнуўся раскрыць працэс
фарміравання моцнага характару жанчыны, паказаць, як узнімаўся
прыгнечаны, зняважаны і абяздолены чалавек з "дна"
на высокія жыццёвыя вяршыні. Любе Лук'янскай, Валі Іваноўскай,
братам Рыльскім у творы проціпастаўлены Сашка Стафанковіч і
яго бацька, у вобразах якіх К. Чорны выкрыў дробнаўласніцкі
ідэал жыцця чалавека, яго прыстасавальніцтва, чэрствасць, бяздушнасць
і нікчэмнасць. У творах К. Чорнага ваенных гадоў створана шырокая
панарама барацьбы беларускага народа супраць захопнікаў. Раман
"Пошукі будучыні" ствараўся па гарачых слядах падзей
і адлюстроўваў напружаны роздум пісьменніка аб лёсе народа ў
складаны для яго час. Героі рамана больш-менш нагадваюць ужо
знаёмых герояў папярэдніх твораў. Тое, што адбывалася ў мястэчку
Сумлічы і яго ваколіцах, — гэта толькі невялікі эпізод барацьбы
беларускага народа супраць захопнікаў. Аўтар прасочвае лёс герояў
твора на працягу многіх гадоў імперыялістычнай, грамадзянскай
і Вялікай Айчыннай войнаў. Таму ў рамане нямала экскурсаў у
мінулае. На першых старонках рамана мы сустракаемся з галоўнымі
гёроямі твора — чатырнаццацігадовай Волечкай і шаснаццацігадовым
Кастусём , якіх лёс звёў у адной хаце. Кастусь прывёз у вёску
хворага нямецкага салдата Густава Шрэдэра, які ў знак падзякі
за дапамогу пакінуў выратавальнікам залатыя рэчы, выкрадзеныя
ў непрытомнага графа Паліводскага. Пазней мы ўбачым Вольгу і
Кастуся сталымі, любячымі адзін аднаго мужам і жонкай, якія
выхоўваюць дачку Лізу. Значную ролю ў рамане адыгрывае вобраз
простага селяніна-працаўніка Нявады, якому ў першую сусветную
вайну бало суджана зведаць пакуты акопнага жыцця і нямецкага
палону. Пасля многіх гадоў блуканняў і пакут ён вярнуўся ў родную
вёску, сустрэўся з дачкой і дачакаўся ўнучкі. У дзецях Нявада
бачыў будучае, прадаўжэнне сябе. У гады Вялікай Айчыннай вайны
ён аддае ўсе сілы для выратавання ўнучкі з канцэнтрацыйнага
лагера і, не здейсніўшы гэтага, гіне. Унучку вызвалілі з палону
партызаны на чале з Кастусём. У творы яскрава выпісаны фашысцкія
вылюдкі і іх паслугачы (стары і малодшы Шрэдэры, граф Паліводскі,
Акаловіч). Салдат кайзераўскай арміі стары Густаў Шрэдэр спрабаваў
знайсці будучыню сярод забітых на полі бою салдат, у якіх ён
забіраў залатыя рэчы і грошы. Густаў марыў пабудаваць для свайго
сына маёнтак, але трапіў у палон і павёз назад у Германію толькі
злосць на сябе. Калі началася Вялікая Айчынная вайна, стары
Шрэдэр зноў з'явіўся ў гэтых мясцінах, дзе яго сын, вырасшы
пры фашызме, узначальваў акупацыйную ўладу, быў камендантам
канцэнтрацыйнага лагера, забойцам. К, Чорны ў творы сцвярджае,
што будучыні ў забойцаў не можа быць. І Шрэдэры, і Акаловіч
гінуць ад партызанскіх куль. На лёсе людзей невялічкага мястэчка
К. Чорны паказаў барацьбу ідэй, поглядаў на свет у складаны
для Беларусі час. Пісьменнік у творы ўпэўнівае, што вораг бўдзе
выгнаны з беларускай зямлі, што беларускі народ не загіне ад
чорнай фашысцкай навалы.