Лірыка, в сокращении. Краткое содержание.

Список произведений в сокращении этого автора
Лірыка
Курган
Бандароўна
Адвечная песня
На куццю
Безназоўнае
Паўлінка
Раскіданае гняздо
Тутэйшыя

Янку Купалу называюць паэтам-прарокам. Гэта значыць, што ён не толькі асэнсоўваў лес народа, яго гісторыю і сучаснасць, але і паказваў шлях да будучыні, вёў за сабой, ствараў нацыю.

Станаўленне асобы творцы адбывалася ў час, калі словы «Беларусь», «беларусы», «беларускі» нічога і нікога не называлі. Паўночна-заходні край — такое найменне мела да 1906 г. зямля, што нарадзіла паэта. Таму доўгія гады Купала цярпліва і настойліва тлумачыў супляменнікам, што яны — старажытны і самабытны народ, са сваёй багатай слаўнай гісторыяй, прыгожай і мілагучнай мовай, вучыў любіць свой край. «Не шукай ты шчасця, долі / На чужым, далёкім полі», — наказваў ён сучаснікам, —

Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,
Там, дзе маці над калыскай
Табе песні напявала,
Як малога калыхала,
Толькі ўмей шукаці блізка.
(«Не шукай...», 1913)

Купала ўслаўляў і паэтызаваў роднае слова, шукаў адметныя вобразы і мастацкія сродкі, каб паказаць яго хараство, моц, сілу. У розныя гады ён напісаў некалькі вершаў з ідэнтычнай назвай «Роднае слова», што сведчыць пра тое вялікае значэнне, якое надаваў паэт беларускай мове ў фарміраванні нацыі.

Рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гг. прымусілі царызм зняць забарону на беларускую мову, яна пачала жыць «на хвалу людзей». У вершы, які з'явіўся ў 1908 г., роднае слова называецца «магутным», «бяссмертным», «свабодным»:

Бяссмертнае слова ты, роднае слова!
Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
Дый дарма: жывеш, як жыло!

Аптымізмам прасякнута нават апошняя страфа, дзе паэт называе роднае слова «загнаным», такім чынам акцэнтуючы ўвагу на няроўным становішчы беларускай мовы побач з іншымі мовамі.

Загнанае слова ты, роднае слова!
Грымні ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
Мілей найбагатшай чужой!

У вершы шмат зваротаў і клічных сказаў. Рытміка-інтанацыйнае афармленне твора (ён напісаны амфібрахіем, мае розную колькасць складоў у цотных і няцотных радках — 12 і 8) спрыяе адчуванню ўзнёсласці, лёгкасці.

Першая пралетарская рэвалюцыя, не вырашыўшы сацыяльныя праблемы, дала магутны імпульс нацыянальнаму адраджэнню Беларусь Гэтым тлумачыцца аптымістычнае гучанне многіх купалаўскіх твораў, напісаных у гады рэакцыі. «Зваяваным» (1909) — паэтычны рэквіем (твор, у якім выкліканыя смерцю жалоба і смутак спалучаюцца з услаўленнем жыцця). Рэквіем ахвярам рэвалюцыі, тым, «што праўды на свеце шукалі»:

Спіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,
Хутка над вамі распалім памінкаў агні!
Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;
Сільны яшчэ быў наш блуд і туман кругом нас!
Вы, перамогшы усё, узняліся арламі,
Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і не згас.
...Спіце! Мы вашых навек не забудзем магілаў;
Збуджаны вамі, мы ўскрэслі, мы больш не заснём!

Бязмежная любоў да роднай зямлі, да скрыўджанага, абяздоленага народа вадзіла пяром паэта. Лес народнага песняра і лес Беларусі неадлучныя — такая думка прачытваецца ў многіх творах. У філасофскім вершы «Мая вера» (1905—1906), гаворачы праўласныя светапоглядныя арыенціры, Купала прызнаваўся: «У народ і край свой толькі веру. / I веру ў самога сябе».

Жыццёвыя абставіны (пошукі працы, першая і другая сусветная вайна) не аднойчы адрывалі Купалу ад роднай зямлі. Што адчуваў паэт, як яго душа ірвалася «на бацькоўскія гоні», сведчыць верш «Я ад вас далёка...» (1910).

I няма на свеце так вялікай меры,
I няма на свеце так каваных дзвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —
Беларусь са мною разлучыць пасмелі!
Асабліва ўражвае заключная страфа:
А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца, —
Ўстане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца.
I ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

У грамадзянскай лірыцы Я. Купалы асобнае месца займае нацыянальна -патрыятычная тэма. Яна заявіла пра сябе ўжо на раннім этапе творчасці народнага паэта. Вершам «А хто там ідзе?» (1905—1907} Купала ўсяму свету абвяшчаў пра выхад на гістарычную арэну беларускага народа, пра яго спрадвечнае жаданне «людзьмі звацца». Тады, на пачатку XX стагоддзя, «за грамаду — не народ, а ўсяго толькі насельніцтва — як слушна адзначае даследчык літаратуры В. Рагойша, — адказваў сам паэт». Гэтая «пагарджаная век», «сляпая», «глухая» грамада павінна была стаць народам, кансалідавацца ў нацыю. Дзеля вялікай мэты Купала выступаў не толькі як асветнік, а калі таго патрабавалі абставіны, і як палітык. Ён хацеў бачыць Беларусь вольнай, незалежнай, што звязваў з аднаўленнем дзяржаўнасці.

Адраджэнне краю, якое, нягледзячы на цяжкасці, адбылася, Купала вітаў у вершы «Маладая Беларусь» (1911—1912). Сімвалічны вобраз маладой Беларусі — свабоднай, шчаслівай, упэўненай у сваім заўтра краіны — праходзіць праз усю творчасць пісьменніка. У згаданым вершы гэты вобраз ствараецца рамантычнымі сродкамі. Абудзілі ад сну Беларусь магутныя сілы-стыхіі Зямлі і Сусвету. Купала піша:

Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны узняў дружным гоманам.
Сонца полымем вызвала к дружнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.

Эпітэты, параўнанні, да якіх звяртаецца паэт, так ці інакш звязаны са святлом, сонцам, агнём: «зіхаціш і гуслярнаю песняй звініш», «смела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет!», «сееш ласкавы сны залацістыя» і г.д. Зразумела, Я. Купала ў гэтым вершы стварыў рамантычны ўзвышана-ідэалізаваны вобраз будучай Беларусі, якая нараджалася. Заклік паэта:

Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі

тычыцца не дасягнутага ўжо, здзейсненага, а ён скіраваны ў заўтрашні дзень. У 1911—1912 гг. рэаліі беларускага жыцця пры ўсёй іх неадназначнасці жывілі надзею на добрыя змены ў лесе Беларусі. Але гэту надзею хутка перакрэсліла першая сусветная вайна.

Рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. нібыта давалі беларусам шанц «заняць свой пачэсны пасад між народамі». Купала разумеў, што яго слова можа аказаць уплыў на ход жыцця. Вершам «Для бацькаўшчыны» (1918) пачаўся вельмі плённы перыяд у творчасці пісьменніка. Ён браў «зноў заснуўшую было жалейку» і прароча граў для маці-Беларусі. Вершы «Спадчына», «Час!», «На сход!», «Свайму народу», «Беларускія сыны», «Крыўда», «3 павяўшай славы», «Паязджане», «Паўстань...», «Перад будучыняй» і многія іншыя напісаны ў прамежку між 1918—1922 гадамі. У іх надзея змяняецца роспаччу, светлыя сонечныя таны саступаюць месца змрочным.

Трагічна складвалася для незалежнасці Беларусі гістарычная сітуацыя, народ не выяўляў імкнення да волі. I паэт клікаў яго на сход, «на ўсенародны грозны, бурны сход» («На сход», 1918). Па Купалу народ, а не дабрадзеі-чужынцы, павінен вырашыць уласны лёс. «За сябе сам пастаяці / I за Бацькаўшчыну-маці / Йдзі, народ, на сход!» — радкі з верша «Час!» (1918). Каб абудзіць дух суайчыннікаў, паэт прыгадваў слаўнае, змагарнае мінулае:

Дняпро і Сож, Дзвіна, Вілля і Нёман
Шмат могуць што у памяці збудзіць.
Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Сцярог ад чужака й законы укладаў;
Звон вечавы сход склікаваў народны,
I сход аб шчасці Бацькаўшчыны дбаў.
Ён кідаў горкі папрок народу:
Чужак-дзікун, крывёй упіўшысь свежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
I тваю Бацькаўшчыну-маці рэжа,
Жывую рве на часці, на кускі.

У вершы «Свайму народу» (1918), з якога ўзяты цытаты, маналог паэта напоўнены вялікім душэўным болем. Купала заклікае, прарочыць, просіць:

Паўстань, народ! Для будучыны шчасце Ты строй, каб пут не строіў больш сусед; Не дайся ў гэты грозны час прапасці, — Прапашчых не пацешыць шчасцем свет.

Сваю магутнасць пакажы ты свету, — Свой край, сябе ў пашане мець прымусь. Паўстань, народ!.. 3 крыві і слёз кліч гэты... Цябе чакае Маці-Беларусь!

Змрочная карціна жыцця беларусаў у першыя паслякастрычніцкія гады ўзноўлена ў вершах «Паязджане» (1918), «Крыўда» (1918), «Беларускія сыны» (1919). У гэты час неаднаразова мянялася ўлада, у краі гаспадарылі акупанты, гістарычная перспектыва не бачылася. Творчае ўяўленне мастака малюе трагічны вобраз паязджан, якія заблудзіліся ў снежнай імгле. Людзі рухаюцца, але гэты рух бязмэтны і бессэнсоўны:

Едуць, едуць, ані следу,
Ні праслуху, ні прагляду,
Ні прасвету, ні надзеі —
Усё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.
У полі дымна, ў полі цёмна,
Беспатольна і заломна,
Ні пуціны, ні упыння,
Як у вечнай дамавіне
(«Паязджане»)

Паязджане ў Купалы не проста людзі, якія збіліся са шляху, гэта вясельны поезд: маладая, малады, сват, свацця... Сімвалічны вясельны поезд можна спраецыраваць на знаёмы нам вобраз маладой Беларусі. Атрымаецца, што гэта яе вязуць ахопленыя жахам, пасіўныя і абыякавыя да ўсяго насельнікі краю «без днявання, без начлегу, / У бездарожжа, ў беспрыстанне». Захліпаючыся ад смеху, «папаўзуха-завіруха» цешыць паязджан ілюзіямі, шэпча «аб музыцы-дудаграі, аб пшанічным караваі».

Распачатая ў 20-я гады беларусізацыя змяніла адносіны Купалы да савецкай улады. Разам з тым ён удумліва ставіўся да ўсяго, што адбывалася ў жыцці. Так, паэт не мог прыняць вядомы пастулат, што пралетарый не мае бацькаўшчыны. Думаецца, Купала разумеў сапраўднае становішча працоўнага чалавека, аб'яўленага гаспадаром краіны. У першай страфе верша «...О так! Я — пралетар!..» (1924) выразна прачытваецца крылатае ленінскае выслоўе: «Пролетариату нечего терять, кроме своих цепей. Обретет же он весь мир». Лірычны герой твора заяўляе:

...О так! Я — пралетар!..
Яшчэ учора раб пакутны —
Сягоння я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!

Ужытая аўтарам гіпербала (перабольшанне) — «зямлі ўладар», «над царамі цар магутны» — прымушае думаць, што з'ява (становішча рабочага ў новым грамадстве) не сцвярджаецца, а адмаўляецца.

Прывязанасць, любоў да роднай зямлі ўспрымаецца пралетарам як недахоп, перажытак мінулага. Ён з радасцю канстатуе: «Мне бацькаўшчынай цэлы свет, / Ад родных ніў я адвярнуўся...» Але пакуль што канчаткова вытруціць з душы і памяці вобраз радзімы лірычны герой не здолеў, «не збыў яшчэ ўсіх бед»: яму «сняцца сны аб Беларусі». Апошнія радкі верша праз непрыманне пралетарыем патрыятызму гавораць пра каштоўнасць гэтага агульначалавечага пачуцця. У вершы «...О так! Я — пралетар!..» Я. Купала па-майстэрску выкарыстаў такі мастацкі сродак, як іронія. Нібыта ўхваляючы з'яву, аўтар на самай справе яе высмеяў.

Імкненне да свабоды, самапавага, пачуццё годнасці — такія якасці хацеў бачыць паэт у характары народа, імі ён вымяраў змястоўнасць жыцця людзей. У вершы «I прыйдзе» (1926) Я. Купала звяртаўся не толькі да сваіх сучаснікаў, а і да нас, далёкіх нашчадкаў:

I прыйдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі...
Ці аб свой гонар дбайна дбалі,
I дабравольна, без прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Не неслі ў петлі дум і рук?
I ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
З якіх бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі?..

Аўтар папярэджвае, што «суд гісторыі цяжкі», што яна кожнаму выдасць «непадкупны прысуд». Пры ўсёй відавочнай сувязі са сваім часам верш «I прыйдзе» можна аднесці да філасофскай лірыкі. У ім выявілася Купалава разуменне сэнсу чалавечага існавання. Як трэба жыць — паэт тлумачыў ад процілеглага. Многія яго сучаснікі адышлі ад наканаванага шляху свабоды, гонару, годнасці.

I засумуецца патомак,
Калі дазнаецца аб нас,
Што нейкі з нас хоць быў не зломак,
А плечы гнуў у крук не раз;
Не йшоў з адкрытымі вачыма
У свет і сцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасці магчымай
Сляды таптаў, сябе таптаў.

З нацыянальна-патрыятычнай тэмай цесна звязана Купалава ўсведамленне свайго месца ў жыцці народа. На пачатку творчага шляху, тлумачачы, чаму ён, сялянскі сын, узяўся «снаваць песенькі-думкі», малады Я. Купала пісаў у вершы «Я не паэта»:

Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала.
Адразу вызначыўся паэт, для каго ён стане спяваць свае песні:
Я не для вас, паны, о не,
А я для бедных і загнаных,
Я з імі мучуся ўраўне,
У адных закут з імі кайданах...
Я не для вас, паны, о не!
(«Я не для вас...», 1905—1907)

Шырокая эстэтычная праграма выкладзена ў вершы «З кутка жаданняў» (1912). Паэт хоча «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця». Адзіны скарб, патрэбны яму — «песню стварыці ясну, як неба, ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём». Ён жыве надзеяй, «што не загубяць крыўды жывую душу народа», гатовы памерці «за лепшую долю роднага краю».

Верш складаецца з 5 строф, якія пабудаваны па аднаму прынцыпу. Два першыя радкі праграмныя, аўтар у іх выказвае задачы і мэту мастака, у двух апошніх сцвярджаецца асабістая далучанасць да таго ці іншага палажэння эстэтычнай праграмы:

К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям,
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму богу і душу аддам.

Не аднойчы Янка Купала падкрэсліваў, што яго песня нараджалася сярод родных лясоў і ніў, сярод свайго, простага сялянскага люду.

Путча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Снежныя буры тулілі зімой.
(«Мая песня», 1911)

Таму песня «службы лакейскай не знае», яна вольная і незалежная, «з небам і ніваю ў дружбу заходзе». Купала з поўным правам мог сказаць пра сябе:

Песня мая не шукае чырвонцаў — Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям...

Пісаць для народа і пісаць пра народ — асноўнае ў творчай праграме паэта. Але пісаць пра народ для Купалы было не толькі расказваць пра яго долю-нядолю, заклікаць на змаганне з сацыяльнай несправядлівасцю, а і гаварыць пра нацыянальную годнасць, адказнасць перад продкамі і нашчадкамі, весці да праўды, шукаць шляхі да шчаслівай будучыні.

Паэт, па Купалу, на асаблівым становішчы ў грамадстве. У вершы-наказе «Песняру -беларусу» (1909) ёсць такія радкі:

За родну песню будзь ваякай,
Не жджы заплаты ад людзей.
Песняр-слуга слугі ўсякай,
Пяснар і цар усіх царэй!

У 1926 г., калі досыць шырока грамадствам Беларусі адзначалася 20-годдзе творчай дзейнасці, Янка Купала напісаў верш «За ўсё...» Азіраючыся на пройдзены шлях, паэт з годнасцю гаварыў: «Я адплаціў народу, чым моц мая магла, зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла». Ён быў з народам у самыя цяжкія часы:

Для бацькаўшчыны роднай,
Для ўпаўшых яе сіл
Складаў я гімн пабедны
Сярод крыжоў, магіл.

У вершы гучыць удзячнасць за тое, што дала краіна яму, песняру.

«За ўсё...» стаў адным з першых твораў паэта, напісаным на кантрасце цемры і святла, мінулага ліхалецця і шчаслівай сучаснасці. У сярэдзіне 20-х гадоў Янка Купала пачаў пераконвацца, што жыццё народа набывае нацыянальныя абрысы, стабілізуецца. I хоць радзімая старонка аказалася падзеленай на дзве часткі (пра гэта верш «Па Даўгінаўскім гасцінцы», 1926), так званая беларусізацыя абяцала, што Беларусь зойме «свой пачэсны пасад між народамі».

Свет чалавечых пачуццяў у творчасці Янкі Купалы адлюстраваны шматгранна і ўсебакова. Душа паэта адгукалася на прыгажосць прыроды, на светлы позірк дзяўчыны, на ласкавую усмешку маці. «Старонка родная» для Купалы не толькі народ з яго доляй-нядоляй, мінулым і будучыняй, але і ўся зямля. Таму аб роднай зямлі-спадчыне, што засталася «ад прадзедаў спакон вякоў», паэту

...баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб абпалены.
(«Спадчына», 1918)

Прырода ў творах Купалы паўстае ў сваёй някідкай прыгажосці, рухомай і зменлівай. Паэт звяртаецца да рэалістычных сродкаў мастацкай вобразнасці, паказваючы звыклыя для сялянскага вока карціны:

...Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.
Рэчкі бурлівыя, учора санлівыя,
Сёння ўсталі, плывуць і бурляць;
Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца,
К небу прыветна з вадзіцы глядзяць.
Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,
Радасна песні зайгралі свае...
(«Вясна», 1906)

Купала раскрывае радасць чалавека ад зямлі, таму ў полі зроку — з'явы, якія станавіліся падзеямі ў працоўным календары («Поле травіцаю сочнай адзелася, выйшла скацінка і дружна скубе»).

Верш заканчваецца запаветнай думкай аб долі і шчасці чалавека. Іх прыход атаясамліваецца з заканамерным наступам вясны («Грай, грай, жалеечка, грай, грай вясёлая! Выйграй з вясною і долечку мне»).

Стаў песняй цудоўны пейзажны верш Янкі Купалы «Явар і каліна» (1910), у якім зліліся прырода і каханне, радасць вясновага абнаўлення і паганскія казкі начнога лесу, сум сонных далін. Твор прасякнуты філасофскай ідэяй бясконцасці жыцця, прыроды, яе зменлівасці і абнаўлення. Пра змест верша «Явар і каліна» слушна сказаў I. Навуменка: «Гэта выказаная замілаванымі, надзвычай экспрэсіўнымі паэтычнымі радкамі хвала Жыццю, Каханню, увасобленых у вобразах дрэў.., што шэпчуцца аб чымсьці неразгаданым, таямнічым пад вечным небам».

Верш гарманічны паводле зместу і формы. Купала валодаў высокай эстэтычнай культурай слова, адчуваннем яго мастацкіх магчымасцей, што ярка выявілася ў вершы «Явар і каліна».

Як гімн жаночай прыгажосці гучыць верш «Жняя» (1911). Зыходзячы з народных маральна-эстэтычных прынцыпаў, паэт паказаў не проста дзяўчыну, а «жнейку». У гарманічнай еднасці перапляліся ў творы прыгажосць маладой дзяўчыны, сонечнага летняга дня, залатой спелай збажыны.

Як сама царыца
Ў залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж спелых гоняў...
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.

Намаляваўшы залаціста-сонечнымі фарбамі партрэт сялянскай дзяўчыны, аўтар у канцы верша з гонарам зазначае

Гэта жнейка наша
Ў нашаей старонцы.

Такім чынам, постаць жняі ўздымаецца ў сімвалічным абагульненні да постаці Беларусі з патрыятычных вершаў Купалы.

Лірычная гераіня верша «Лён» (1935) жыве ў іншы час, чым жняя з аднайменнага твора. Яна калгасніца, гадуе «чысты, валакністы, залацісты лянок». Паэт паказвае ўсе этапы нараджэння ільнянога валакна. «Раніцай вясны» было пасеяна ў раллю зерне. Лён рос, цвіў, «надзяваў галоўкі на сябе». Дзяўчына «рваць ішла яго ў снапы», абівала, «слала лянок на зялёным на лугу» ...Другая сюжэтная лінія ў вершы — каханне лірычнай гераіні і брыгадзіра:

Рваць ішла яго ў снапы,
Песні пела аб вясне,
Брыгадзір лічыў капы,
Час ад часу моргаў мне.
Ой, лянок, лянок мой чысты
Валакністы, залацісты!
...А як слала я лянок
На зялёным на лугу,
Дзе папаўся Міхасёк,
Цалавала на бягу.

«Лён» — адзін з вершаў «ляўкоўскага цыклу», створанага ў сярэдзіне 30-х гадоў, у якім паэт услаўляў шчаслівую працу сялян «на нашым полі, полі калгасным». У многіх творах 30-х гадоў з'явілася не ўласцівая раней Купалу ідэалізацыя, прыхарошванне рэчаіснасці, што знайшло адбітак і ў вершах «ляўкоўскага цыклу». «Лён» у даным выпадку можна лічыць выключэннем, бо той ідэальны свет, у якім існуе лірычная гераіня, звязаны з маладосцю і каханнем.


Писатели, по которым есть произведения в сокращении:

  1. Адам Гурыновіч
  2. Алесь Гарун
  3. Алесь Жук
  4. Аляксей Дудараў
  5. Андрэй Макаёнак
  6. Андрэй Мрый
  7. Андрэй Рымша
  8. Аркадзь Куляшоў
  9. Афанасій Філіповіч
  10. Васіль Быкаў
  11. Васіль Цяпінскі
  12. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
  13. Вінцэсь Каратынскі
  14. Змітрок Бядуля
  15. Іван Мележ
  16. Іван Шамякін
  17. Кандрат Крапіва
  1. Кастусь Каліноўскі
  2. Каятан Марашэўскі
  3. Кірыла Тураўскі
  4. Кузьма Чорны
  5. Максім Багдановіч
  6. Максім Гарэцкі
  7. Максім Танк
  8. Мікола Гусоўскі
  9. Мікола Матукоўскі
  10. Міхась Зарэцкі
  11. Мялецій Сматрыцкі
  12. Ніл Гілевіч
  13. Паўлюк Багрым
  14. Пімен Панчанка
  15. Пятрусь Броўка
  16. Рыгор Барадулін
  17. Сімяон Полацкі
  1. Сымон Будны
  2. Уладзімір Жылка
  3. Уладзімір Караткевіч
  4. Уладзіслаў Сыракомля
  5. Францішак Багушэвіч
  6. Францыск Скарына
  7. Цётка
  8. Ядвігін Ш.
  9. Якуб Колас
  10. Ян Баршчэўскі
  11. Ян Вісліцкі
  12. Янка Брыль
  13. Янка Купала
  14. Янка Лучына
  15. Яўгенія Янішчыц
  16. Іншыя творы




© 2022 ќксперты сайта vsesdali.com проводЯт работы по составлению материала по предложенной заказчиком теме. ђезультат проделанной работы служит источником для написания ваших итоговых работ.