Да палемiчнай лiтаратуры адносяцца памфлеты, звароты, адкрытыя
лiсты, трактаты, адозвы i iншыя вiды творчасцi, тэматычна звязаныя
з актывiзацыяй палемiкi вакол пытання пра аб'яднанне царквы
i касцёла пад вяршынствам папы рымскага, так званай iдэi унii.
Лiтаратурная палемiка пачалася пасля выхаду кнiгi Бенядзiкта
Гербеста "Указанне шляху", у якой ставiлася пытанне
аб неабходнасцi царкоўнай унii з Рымам у iнтарэсах праваслаўнай
царквы Вялiкага княства Лiтоўскага. Гэту iдэю падхапiў i развiў
вядомы рэлiгiйны i палiтычны дзеяч Пётр Скарга, якi iмкнуўся
даказаць, што сапраўднае веравызнанне iдзе ад рымска-каталiцкай
царквы — пераемнiцы i носьбiта апостальскiх традыцый. Адказам
на выказваннi П. Скаргi сталi ананiмныя творы "Пасланне
да латын з iх жа кнiг", "На багамерзкую на паганую
лацiну", шматлiкiя памфлеты. Iх аўтары выступалi ў абарону
праваслаўнай царквы, узнiмалi вострыя сацыяльныя праблемы таго
часу, праяўлялi заклапочанасць жыццём селянiна, выказвалiся
за права народа мець свае погляды ў пытаннях рэлiгii. Актывiзацыя
палемiчнай лiтаратуры пачалася пасля Брэсцкай унii 1596 г.,
паводле якой праваслаўная царква прызнала вяршэнства папы рымскага
i прыняла сiмвал веры ў каталiцкiм разуменнi, але захавала сваю
мову богаслужэння i сваю абраднасць. У абарону унii акрамя вышэй
названага П. Скаргi выступiў сенатар Рэчы Паспалiтай Уладзiмiра-Брэсцкi
епiскап Iпацiй Пацей. Ён таксама трактаваў унiю як праяўленне
бескарыслiвай апекi папы рымскага над занядбалым праваслаўным
людам. Супраць унiяцтва паўсталi царкоўныя дзеячы Стэфан Зiзанiй,
Хрыстафор Фiлалет i Лявонцiй Карповiч, якiя сцвярджалi, што
унiя была абумоўлена своекарыслiвай палiтыкай католiкаў i вышэйшага
праваслаўнага духавенства, iх мэтай было дамагчыся матэрыяльных
выгод, рэлiгiйных прывiлеяў, палiтычных правоў. Апаненты унii
падкрэслiвалi, што знявага iнтарэсаў праваслаўнай апазiцыi можа
прывесцi да класавага антаганiзму, адстойвалi традыцыi i культурныя
дасягненнi ўсходнеславянскiх народаў. Адным з яркiх прадстаўнiкоў
палемiчнай лiтаратуры з'яўляўся грамадска-палiтычны i царкоўны
дзеяч Мялецiй Сматрыцкi (аўтар вядомых твораў "Антыграфi',
"Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы", "Грамматики
славенския правилное синтагма" i iнш.), якi пад нацiскам
жыццёвых абставiн прайшоў складаны шлях ад прызнання i абароны
праваслаўя да яго адмаўлення. Прадстаўнiком апошняга этапу ў
развiццi палемiчнай лiтаратуры быў Афанасiй Фiлiповiч — змагар,
барацьбiт, непахiсны абаронца нацыянальных i рэлiгiйных правоў
беларускага народа, аўтар вядомага "Дыярыуша". У жанравых
адносiнах "Дыярыуш" — сiнкрэтычны твор, якi спалучае
рысы i асаблiвасцi публiцыстычна-палемiчнай, гiсторыка-мемуарнай
i дакументальнай лiтаратуры. У склад яго ўвайшлi дарожныя i
тлумачальныя запiскi, успамiны i дзённiкi, легенды, мiстычныя
прывiды i бачаннi, пасланнi, лiсты, выкрывальныя прамовы, памфлеты,
фiласофскiя трактаты, аўтабiяграфiчны нарыс, а таксама вершы
i нотныя запiсы музыкi да iх. Са старонак "Дыярыуша"
паўстае праўдзiвы змагар, барацьбiт, ваяўнiчы абаронца роднага
краю, яго святы пакутнiк. Ён выступае супраць пануючых у дзяржаве
каталiцкай i унiяцкай цэркваў, знешняй i ўнутранай палiтыкi
Рэчы Паспалiтай, якая, блаславiўшы "праклятую унiю",
зрабiла ворагамi, сутыкнула "в князствах, поветах, в местах,
в местечках и в селах селян з селянамн, мешчан з мешчанами,
жолнеров з жолнерами, панов з поддаными, родичов з детками,
духовных з духовными". "Дыярыуш" з'яўляецца адным
з найбольш яркiх i значных помнiкаў палемiчнай лiтаратуры XVII
ст., у якiм праўдзiва адлюстравалася барацьба беларускага народа
за свае нацыянальныя i рэлiгiйныя правы, звычаi, традыцыi i
культуру.